Рада БНР заклікала вызваліць затрыманых палітыкаў і актывістаў
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рашуча асуджае арышты палітыкаў і грамадскіх актывістаў у Беларусі, якія адбываюцца цягам абвешчанай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Рада БНР у сваёй заяве патрабуе неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асобаў, у тым ліку Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Эдуарда Пальчыса, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Маслоўскага, Уладзіміра Цыгановіча, Максіма Вінярскага, Міколу Качурца.
Арышты, ператрусы, разгон акцый у падтрымку кандыдатаў, альтэрнатыўных дзеючаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, з’яўляюцца парушэннем агульнапрынятых дэмакратычных стандартаў, а таксама дзеючага законадаўства Рэспублікі Беларусь. Спасылаючыся на сваю заяву ад 15 траўня 2020 г., Рада БНР яшчэ раз заяўляе, што ў Беларусі на сённяшні дзень адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і сумленных дэмакратычных выбараў Прэзідэнта. Падзеі, што адбыліся цягам месяца ад той заявы, выразна пацвердзілі, што дзеючая ўлада мае намер злоўжываць сілавымі структурамі і дзяржаўным апаратам на карысць кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, які незаконна займае пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру на гэтых выбарах.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць аказаць увесь магчымы ціск на ўлады Рэспублікі Беларусь дзеля забеспячэння абароны правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі ў Беларусі.
Рада БНР заклікае беларускае грамадства ўстаць на абарону актывістаў, якія ахвяруюць сваёй свабодай дзеля дэмакратыі ў Беларусі.
Рада БНР паўторна заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да правядзення адкрытых і сумленных дэмакратычных перавыбараў у органы ўлады ўсіх узроўняў, якія адбыліся б пад міжнародным назіраннем і ў поўнай адпаведнасці з агульнапрызнанымі дэмакратычнымі стандартамі.