Вызначаныя супернікі зборнай Беларусі ў кваліфікацыі ЧЕ-2022
У штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола ў аўстрыйскай Вене адбылося лёсаванне адборавага турніру мужчынскага чэмпіянату Еўропы 2022 года. Зборная Беларусі трапіла ў шостую кваліфікацыйную групу разам з камандамі Нарвегіі, Латвіі і Італіі. Адборавы турнір стартуе 4 лістапада, а фінішуе 2 траўня наступнага года. У фінальную стадыю кантынентальнага першынства выйдуць па дзве лепшыя зборныя, а таксама чатыры лепшыя каманды з тых, што занялі трэція месцы ў групах. Фінальны турнір 15-га чэмпіянату Еўропы пройдзе ў студзені 2022 года на арэнах Вугоршчыны і Славакіі.
БФФ спыніла супрацоўніцтва з журналістамі тэлеканала „Белсат”
Беларуская федэрацыя футбола прыняла рашэнне не працягваць супрацоўніцтва з журналістамі тэлеканала „Белсат”. На адным з нядаўніх матчаў у Жодзіна карэспандэнта „Белсата” Аляксандра Пуцілу не пусцілі на стадыён, нягледзячы на наяўнасць у таго журналісцкай акрэдытацыі. У сувязі з адсутнасцю ў тэлеканала „Белсат” акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў АБФФ прынята рашэнне не працягваць супрацоўніцтва з журналістамі тэлеканала „Белсат”. АБФФ дзякуе тэлеканал „Белсат” за шматлікія сюжэты пра беларускі футбол і гатовая вярнуцца да разгляду пытання аб аднаўленні ТБ-акрэдытацыі пасля таго, як СМІ будзе акрэдытавана ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, – гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце БФФ.
Ігар Стасевіч 4-ы раз у сезоне трапіў у зборную тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Паўабаронца БАТЭ Ігар Стасевіч у чацвёрты раз у сезоне трапіў у сімвалічную зборную тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Акрамя капітана барысаўскай дружыны ў лік 11 лепшых футбалістаў 13-га тура ўвайшлі Максім Плотнікаў („Дынама”, Менск); Кірыл Паўлючак, Сяргей Архіпаў, Дзмітрый Ігнаценка (усе – „Гарадзея”); Кірыл Печэнін, Сяргей Кісляк з берасцейскага „Дынама”, Ігар Іванавіч з салігорскага „Шахцёра”, Іён Нікалаеску з „Віцебска”, Ігар Кузьмянок, які выступае за „Іслач”, і Валерый Жукоўскі з гарадзенскага „Нёмана”.
„Баварыя” выйграла чэмпіянат Нямеччыны восьмы сезон запар
„Баварыя” датэрмінова выйграла чэмпіянат Нямеччыны-2019/20. У матчы 32-га тура бундэслігі мюнхенцы на выездзе адолелі „Вердэр” — 1:0, дзякуючы голу польскага нападніка Роберта Левандоўскі. Пасля гэтай вікторыі „Баварыя” стала недасягальнай для пераследнікаў. Мюнхенцы заваявалі тытул восьмы год запар.
Барселона перайграла Леганэс і павялічыла адрыў ад Рэала
У рамках 29-га тура Ла Лігі «Барселона» на Камп Ноу без асаблівых праблем справілася з «Леганэсам». Каталонскі клуб забіў два мячы. Спачатку ў канцы першага тайма Ансу Фаці пасля перадачы Фірпа прабіў у далёкі кут, а затым Ліянэль Месі рэалізаваў пенальці – аргентынец забіў 699-ы гол у кар’еры. Такім чынам, „блауграна” адарвалася ад Рэала на пяць пунктаў, аднак у мадрыдцаў гульня ў запасе.
Крышціяну Раналду можа перайсці ў лонданскі „Чэлсі”
Форвард „Ювентуса” і зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду можа перайсці ў лонданскі „Чэлсі”. „Пенсіянеры” гатовыя прапанаваць за Раналду 120 мільёнаў еўра, паведамляе Marca. Партугалец ужо выступаў у англійскай прэм’ер-лізе з 2003 па 2009 год. Тады Раналду прадстаўляў „Манчэстар Юнайтэд”. Нападнік перайшоў у „Ювентус” летам 2018 года з мадрыдскага „Рэала”. Сума трансферу нападніка склала 117 мільёнаў еўра. Кантракт партугальскага футбаліста з турынскім клубам разлічаны да лета 2022 года. У гэтым сезоне Раналду згуляў у 22 матчах італьянскай серыі „А”, забіў 21 гол і аддаў 3 выніковыя перадачы.
Беларускае Радыё Рацыя