„Белавія” аднаўляе рэгулярныя рэйсы ў Брусель



Авіякампанія „Белавія” 17 чэрвеня аднаўляе рэгулярныя рэйсы па маршруце Мінск — Брусель (Бельгія) — Мінск.

Аднак, як паведамляе беларускі авіяперавозчык у „Фэйсбуку”, грамадзяне Беларусі могуць уязджаць на тэрыторыю Бельгіі „толькі па важкіх прычынах”. Правілы ўезду грамадзян іншых краін, а таксама ці з’яўляюцца істотнымі прычыны для ўезду, варта ўдакладняць у кампетэнтных органаў Бельгіі, адзначылі ў „Белавія”.

Паводле інфармацыі МЗС Бельгіі, 15 чэрвеня краіна адкрыла межы для ўсіх дзяржаў Еўразвяза, Вялікабрытаніі і чатырох краін Шэнгенскай зоны, якія не ўваходзяць у ЕС, — Швейцарыі, Ліхтэнштэйна, Ісландыі, Нарвегіі. Што тычыцца дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ і Шэнгенскую зону, для іх працэс адкрыцця межаў павінен стаць паэтапным і пачацца не раней за 1 ліпеня. Паводле рэкамендацый Еўракамісіі, на першым этапе могуць быць знятыя абмежаванні на ўезд толькі з дзяржаў Балкан для мінімізацыі рызыкі імпарту інфекцыі.

Як паведамлялася, 16 чэрвеня „Белавія” таксама аднавіла рэйсы ў Стамбул (Турцыя) і Кішынёў (Малдова).

12 чэрвеня стартавала чартарная праграма ў Албанію. Пастановай урада Албаніі для турыстычных і прыватных паездак тэрмінам на 90 дзён беларусам адкрыты бязвізавы ўезд у краіну з 10 чэрвеня па 30 лістапада 2020 года.

belapan.by