Віктар Бабарыка: Ні адзін з членаў сем`яў затрыманых сяброў і калег мяне не асудзіў



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў эфіры тэлеканала „Белсат” 16 чэрвеня пракаментаваў сітуацыю з крымінальнай справай у дачыненні да супрацоўнікаў „Белгазпрамбанка”, якім ён кіраваў каля 20 гадоў.

„Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная, — сказаў Бабарыка. — Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і з майго пункту гледжання відавочна, што яна носіць палітычны характар. Нават тое, што я ведаю, — каля 20 чалавек затрымалі і трымаюць. Колькі было дапытана, апытана, напэўна, вылічаецца паўсотняй. І гэта толькі тое, што я бачу. Дзесьці раскручваецца ў Магілёве, дзесьці яшчэ. То бок, гэта фактычна па ўсёй краіне”.

„А сёння навіны — КДК па ўсіх пайшоў шарсціць, падатковыя інспекцыі ва ўсе інстанцыі пайшлі працаваць, таму што была каманда „прашарсціць гэтых таўстапузых буржуяў”. У нас дзіўныя следчыя працэсы: спачатку называецца кампанія, а потым праз тры дні адкрываецца справа, спачатку кажуць, што карціны скралі, а потым прыходзяць і забіраюць іх са сцен. Куды ж іх скралі ці планавалі да вывазу, калі яны віселі на сценах, а не стаялі ў сховішчы? „Планавалі да вывазу” — гэта дзіўна гучыць. І чамусьці гэта гучыць спачатку з вуснаў кіраўніка краіны, а потым гэта набывае нейкія [формы]. Наогул следчыя органы дзейнічаюць па-іншаму — спачатку людзям нешта прад`яўляецца, а потым ідзе даклад наверх”, — адзначыў Бабарыка.

На пытанне, якое дачыненне мае да „Белгазпрамбанка” і гэтай крымінальнай справы каардынатар ягонай ініцыятыўнай групы Святлана Купрэева, якая затрыманая і цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ, Бабарыка адказаў: „Калі быць праўдзівым, я нават не ведаю, што гэта за крымінальная справа, у чым абвінавачваюць, якія патрабаванні вылучаюць. У мяне няма пакуль і, вельмі спадзяюся, не будзе ніякага статусу [па справе], таму я не ведаю нічога”.

„Святлана — вельмі даўняя сяброўка нашай сям`і, — дадаў ён. — Я з ёй знаёмы з 1987 года, калі яшчэ не быў жанаты. Святлана настолькі цесна з намі звязаная, што яна была сведкай на нашым вяселлі, яна з`яўляецца хроснай маёй дачкі. Мы з ёй шмат па жыцці былі. Яна скончыла „наргас” (цяперашні БДЭУ. — БелаПАН.), працавала ў падатковай інспекцыі вельмі шмат гадоў, а потым — бухгалтарам у розных кампаніях. Я ні разу не чуў, каб яна займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю”.

Бабарыка не выключае, што Купрэева магла быць знаёмая з супрацоўнікамі „Белгазпрамбанка” і іх кліентамі, бо яна наведвала цырымоніі адкрыцця розных сацыяльных і культурных праектаў банка. Не працавала яна і ў кампаніях — партнёрах банка, дзе прайшлі вобшукі ў рамках крымінальнай справы. Акрамя таго, паводле слоў Бабарыкі, Купрэевай, у адрозненне ад іншых сваіх сяброў, ён не перадаваў на адказнае захоўванне сваю маёмасць. „Таму я інакш як проста націск, шантаж і ўздзеянне гэта ніяк не ўспрымаю”, — падкрэсліў ён.

На пытанне, як гэтая справа паўплывае на яго далейшую выбарчую кампанію, Бабарыка адказаў: „Гэта можа паўплываць на мяне чыста па-чалавечы. Калі людзі хацелі выклікаць у мяне пачуццё віны, то мне гэта вельмі непрыемна”. „Але я магу дакладна сказаць, што ўсе сваякі, усе мае сябры, яны ўсе сказалі: „Гэта трэба перацярпець”, — дадаў ён. — Ні адзін з членаў сем`яў гэтых людзей мяне не асудзіў. Усе выдатна разумеюць. Калі на гэта быў разлік, то можна сказаць, што ён не апраўдаўся”.

„Мы працягваем нашу кампанію так, як яна была запланаваная раней. І мы дойдзем да 9 жніўня, беларускі народ зробіць свой выбар, і пераможа законнасць. Далей будзем разбірацца, па законе гэта было ці не па законе — фармаваць такія працэсы”, — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які Віктар Бабарыка пакінуў у траўні гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі, а таксама шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

На наступны дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў журналістам, што дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК мае доказы дачынення Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці. Ён таксама паведаміў, што распачатыя дзве крымінальныя справы — па ч. 3 арт. 235 КК (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па ч. 3 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Паводле слоў Церцеля, па справе затрыманыя 15 чалавек — „топ-менеджары „Белгазпрамбанка” з ліку кіраўнікоў першага звяна і рознага ўзроўню”, а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у разнастайных камерцыйных структурах.

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Полацк 12 чэрвеня заявіў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” па яго даручэнні. Пры гэтым ён сцвярджае, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

belapan.by