Гарадзенцы пагражаюць, што забяруць дзіця



«Намякнулі, што могуць забраць дзіця». Гарадзенка, мужа якой затрымалі з Ціханоўскім, паведаміла пра ціск.

Раніцай да Віталіі Навумік прыйшлі дадому прадстаўнікі дзіцячага саду: праверыць умовы пражывання. У Віталіі спыталі, чаму яна давала інтэрв’ю, і намякнулі, што могуць забраць дзіця з-за затрымання мужа.

Уладзіміра Навуміка затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Гародні разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Уладзіміру Навуміку прад’яўленае крымінальнае абвінавачванне – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ён застаецца, як і іншыя затрыманыя ў той дзень, у менскім СІЗА № 1.

Віталія кажа, што мужа затрымалі выпадкова, калі ён праходзіў побач і зацікавіўся тым, што адбываецца на плошчы.

«Да мяне сёння прыйшлі з дзіцячага садка № 96 загадчыца, выхавальнік і псіхолаг. Праверылі дзіцячы пакой, шафы і халадзільнік. Потым мы выйшлі ў калідор, бо ў мяне дома ў ваннай рамонт, і яны спыталі ў мяне: чаму мой муж пайшоў на пікет, магчыма, ён грошай хацеў там зарабіць, чаму я давала інтэрвʼю Hrodna.life і ці давала я яго наогул. Таксама спыталі пра бацькоў мужа».

Віталія кажа, што яны – самая звычайная сям’я, жывуць нармальна, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзяцца. Дзіця ходзіць у сад, плацяць за яго спраўна. Загадчыца дзіцячага сада № 96 Святлана Янчанюк распавяла Hrodna.life, што яны не аказвалі ціску на Віталію Навумік. Проста прыйшлі да яе праверыць умовы пражывання.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hrodna.life