На другім энергаблоку БелАЭС пачалі прамываць сістэмы рэактара



На другім энергаблоку Беларускай АЭС пачаўся праліў актыўных і пасіўных сістэм бяспекі на адкрыты рэактар, паведамляе прэс-служба расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам».

Падчас гэтай тэхналагічнай аперацыі прымяняюць абяссоленую ваду, з дапамогай якой ад механічных дамешак прамываюць абсталяванне і трубаправоды сістэм бяспекі і нармальнай эксплуатацыі, звязаных з першым контурам рэактарнай устаноўкі. Таксама правяраецца працаздольнасць помпавых агрэгатаў згаданых тэхналагічных сістэм.

«Пачатак этапу паслямантажных ачыстак абсталявання і трубаправодаў пасіўных і актыўных сістэм бяспекі з пралівам на адкрыты рэактар – гэта старт падрыхтоўкі да гідраўлічных выпрабаванняў і цыркуляцыйнага прамывання першага контуру рэактарнай устаноўкі другога энергаблока, – адзначыў дырэктар праекта па ўзвядзенні БелАЭС, віцэ-прэзідэнт кампаніі «АСЭ» (структура «Расатама») Віталь Палянін. – Сам факт пачатку гэтага працэсу азначае, што ў рэактарным аддзяленні ступень гатовасці тэхналагічных сістэм дазваляе разгортваць поўнамаштабныя пусканаладачныя работы».

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт•гадз электраэнергіі штогод.

6 мая на будаўнічую пляцоўку БелАЭС прыбыў састаў са свежым ядзерным палівам для першага энергаблока станцыі. Праверку якасці грузу завяршылі 25 мая, цяпер цеплавыдзяляльныя зборкі знаходзяцца ў сховішчы свежага ядзернага паліва.

Фізічны пуск першага энергаблока станцыі намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку. Другі энергаблок плануецца ўвесці ў 2021 годзе.

БелаПАН