Футбалісты зборных Беларусі і Грузіі згуляюць у Тбілісі ў паўфінале Лігі нацый



Футбалісты зборных Беларусі і Грузіі сустрэнуцца 8 кастрычніка ў Тбілісі ў паўфінальным паядынку Лігі нацый. Такое рашэнне прынята на відэапасяджэнні выканкама Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). У другім матчы паўфінальнай стадыі футбалісты Паўночнай Македоніі прымуць каманду Косава. Пераможцы паўфіналаў 12 лістапада сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, які ў сувязі з пандэміяй каронавіруса быў перанесены на 2021 год. 16-е па ліку кантынентальнае першынства пройдзе з 11 чэрвеня па 11 ліпеня 2021 года. Яго гульні прымуць стадыёны 12 гарадоў розных краін Старога Свету.

«Напалі» абыграў «Ювентус» у серыі пенальці і стаў уладальнікам Кубка Італіі

У фінальным матчы Кубка Італіі «Напалі» перамог турынскі «Ювентус» і заваяваў трафей. Сустрэча праходзіла ў Рыме на стадыёне «Алімпіка».

У асноўны час матчу каманды галоў не забілі. Адразу пасля заканчэння другога тайма адбылася серыя пенальці, у якой мацнейшымі апынуліся футбалісты «Напалі» – 4:2. «Напалі» выйграў трафей шосты раз. «Ювентус» з’яўляецца 13-разовым уладальнікам Кубка Італіі.

«Манчэстар Сіці» разграміў «Арсенал» у матчы АПЛ

У перанесеным матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі «Манчэстар Сіці» разграміў «Арсенал» з лікам 3:0. Сустрэча адбылася ў Манчэстэры на стадыёне «Этыхад». Да сярэдзіны першага тайма «Арсенал» страціў з-за траўмаў Граніту Джака і Пабла Мары, замест якіх на поле выйшлі Даніэль Себальёс і Давід Луіс. Лік быў адкрыты ў канцы тайма, аўтарам забітага мяча стаў Рахім Стэрлінг. У пачатку другой паловы Луіс парушыў правілы ў сваёй штрафной у барацьбе за мяч з Рыядам Марэзам і арбітр прызначыў пенальці, які рэалізаваў Кевін дэ Бройнэ. У кампенсаваны час трэці гол забіў Філ Фодэн. «Манчэстар Сіці», набраўшы 60 ачкоў, займае другое месца ў турнірнай табліцы АПЛ. «Арсенал» мае 40 – і на 9-м месцы.

УЕФА вызначылася з датамі аднаўлення Лігі чэмпіёнаў

Дырэктар арганізацыі спаборніцтваў УЕФА Джорджыа Маркеці распавёў падчас адмысловай прэс-канферэнцыі аб планах па аднаўленні матчаў Лігі чэмпіёнаў. Турнір будзе дагуляны ў фармаце «Фіналу васьмі». Матчы плануецца правесці ў Лісабоне з 12 па 23 жніўня, але канчатковае рашэнне адносна месца правядзення пакуль не прынята.

„Фінал чатырох” Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе перанесены з Менска ў Барселону

Вырашальны этап Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе 2020 года перанесены з Менска ў іспанскую Барселону. Такое рашэнне прыняў выканкам УЕФА. Першапачаткова „Фінал чатырох” павінен быў прайсці 24-26 красавіка на паркеце „Менск-Арэны” з удзелам іспанскіх клубаў „Барселона” і „Мурсія”, а таксама расейскіх „Цюмені” і КПРФ з Масквы. Аднак у сувязі з пандэміяй каронавіруса УЕФА спачатку адклаў турнір на нявызначаны тэрмін, а зараз вырашыў перанесці яго ў Барселону на 8-11 кастрычніка.

Яўген Шыкаўка стаў аўтарам самага эфектнага гола 13-га тура чэмпіянату Беларусі

Форвард менскага „Дынама” Яўген Шыкаўка стаў аўтарам самага прыгожага гола 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку мінулага тура менчукі перайгралі гасцей з мазырскай „Славіі” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол, які Яўген Шыкаўка забіў на 36-й хвіліне сустрэчы, заўзятары прызналі самым прыгожым у мінулым туры. Дзякуючы гэтай вікторыі менскія дынамаўцы набралі 19 ачкоў і падняліся на сёмае месца ў турнірнай табліцы 30-га нацыянальнага першынства. Лідыруе барысаўскі БАТЭ, у якога 27 ачкоў, другім ідзе салігорскі „Шахцёр”, які адстае на два балы.

Заяву „Белсата”: удзячныя БФФ за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і спадзяемся на хуткае яго аднаўленне

Рашэнне Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” аб спыненні супрацоўніцтва пракаментаваў намеснік дырэктара „Белсат TV” Аляксей Дзікавіцкі.

„Дзякуем Асацыяцыю” Беларуская федэрацыя футбола „за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва на ніве папулярызацыі гэтага віду спорту і спадзяемся, што такое супрацоўніцтва будзе ў хуткім часе адноўлена. Відавочна, што пытанне акрэдытацыі нашага тэлеканала ў Беларусі не ў кампетэнцыі БФФ, да якой мы не маем ніякіх прэтэнзій”, – цытуе Дзікавіцкага сайт канала.

Беларускае Радыё Рацыя