Напамін пра „Гадзіну смутку і маўчання”
З’явілася першая з анлайн-выставаў архіўных фотаздымкаў, прывечаная Чарнобыльскім акцыям канца 1980-ых, аўтар фотаздымкаў – Уладзімір Сапагоў (1952-2012), да фотаздымкаў таксама дададзенае відэа Уладзіміра Раманоўскага. У 1989 годзе адбылося дзве Чарнобыльскія акцыі: “Гадзіна смутку і маўчання” – 26 красавіка і самы першы Чарнобыльскі шлях – 30 верасня 1989 года.
26 красавіка 1989 года ў Менску адбылася першая мірная акцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы пад назвай “Гадзіна смутку і маўчання”. Акцыю “Гадзіна смутку і маўчання” арганізаваў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Людзі сабраліся на Плошчы Леніна (з 1991 года – Плошча Незалежнасці). “Гадзіна смутку і маўчання” – маўклівая акцыя. Людзі стаялі з запаленымі свечкамі і маўчалі, цішыню над Плошчай праз пэўныя інтэрвалы парушаў гук жалобнага звону. Гарэлі, плавіліся васковыя свечы, у паветры луналі чорныя харугвы з назвамі беларускіх гарадоў, якія пацярпелі ад радыяцыі.
“Гадзіна смутку і маўчання” – 26 красавіка 1989 года, Менск, фотаздымак Уладзіміра Сапагова.
Пра “Гадзіну смутку і маўчання” згадваюць удзельнікі акцыі:
Сяргей Навумчык: Прыйшло вельмі шмат людзей, але на тую частку плошчы, што перад Домам ураду міліцыя не пускала. Стаялі шчыльна, упрыцірку адзін да аднаго. Здаецца, не было ніякіх прамоваў, можа быць, Зянон Пазьняк сказаў уступнае слова, але толькі некалькі фразаў. Маўчанне і нейкая напружанасьць, адчуванне трывогі ў паветры. І час ад часу біў звон.
Антаніна Хатэнка: Памятаю тую „Гадзіну смутку і маўчання”. Памятаю той пранізлівы голас жалобнага звону. Памятаю, як дрыжалі свечкі ў даланёх – маіх і тых знаёмых і незнаёмых людзей, што апынуліся побач. Памятаю нязвыклую спасярод гораду цішыню і нейкае, здавалася, ледзь не заклятае маўчанне. Памятаю гаркотнае пачуццё бяды, адчаю, непаразумення, да якога дзіўным чынам прымешвалася адценне гонару, што мы – разам, што здольныя да злучнасці і вось гэтай глыбокай, амаль бяздоннай моўчы, разлеглай шырока над вясной і сумам, над параненай зямлёй і не разьясьнелым яшчэ сьвтанкам Адраджэньня. „Гадзіна смутку” насамрэч выяўляла лучнасць народу ў суровым і страшным выпрабаванні, якое не адужаеш, не скінеш, быццам няўдалых уладнікаў, з якой заставалася толькі змірыцца і ад якога не было відно паратунку.
Вінцэсь Манько: Былі на акцыі і талакоўцы. У раёне Чырвонага касьцёла стаялі са свечкамі, і плакатамі з назвамі гарадоў і дозамі радыяцыі. Стаялі ля гатэля „Мінск”, а міліцыянты бліжэй да касцёла, а пасля рушылі на плошчу. Стаялі моўчкі, схіліўшы галовы, са свечкамі. Недазволены мітынг. Але міліцыянты людзей не хапалі.
Тамара Мацкевіч: Там было вельмі шмат людзей, шчыльна стаялі. Я была без Сяргея Мацкевіча. Мы тады па чарзе хадзілі. Вера была малая – 7 месяцаў. Памятаю, што з немцамі пазнаёміліся. Яны чакалі аб’яднання Германіі, казалі, што справа часу. Абдымаліся, бо была надзея і ў іх, і ў нас. Было цёпла. Прамоваў не памятаю. Здаецца прамоваў не было.
Алесь Дудар: У мяне захаваліся запісы, што гэта была гадзіна маўчання на плошчы Леніна з 19 да 20. Людзі стаялі з чорнымі павязкамі, чорнымі сцягамі, чорнымі харугвамі з назвамі пацярпелых ад радыяцыі беларускіх гарадоў. Памятаю, што нехта з прысутных здзівіўся чорнаму колеру, то яму патлумачылі, што гэта жалобны дзень. Прыйшоў на мітынг з сябрам, настрой у абодвух быў прыгнечаны.Пачуў ад людзей, што на навакольных вуліцах шмат міліцыі і вайсковых машын, але сам не бачыў. Здаецца, у гэты дзень улады правялі свой альтэрнатыўны чарнобыльскі мітынг.
Таццяна Гаранская: Памятаю, як неслі звон, памятаю Маю Тодараўну Кляшторную. У тыя 80-90-ыя я ні адной акцыі не прапускала…
Мікола Новік: Спачатку пару слоў прамовіў Зянон Пазьняк, затым – цішыня і ўдары звону. Чамусьці памяць захоўвае толькі чорна-шэрую карціну. Разгон „Дзядоў” і то ў колерах памятаю. Увосень, калі выступаў Алесь Адамовіч, згадваю дождж.
Таццяна Пашавалава: Гэта была наогул адна з першых акцый, дзе я ўдзельнічала. Мы са Славам прыйшлі, запалілі свечкі, пастаялі і пайшлі. Як раз пасля гэтага праз пару тыдняў пайшлі ў Фронт запісвацца. Пазнейшыя акцыі адклаліся ў памяці больш.
Вячаслаў Чарняўскі: Памятаю тую акцыю. Гэта была адна з першых акцый, дзе я браў удзел. Акцыя адбылася на плошчы Леніна, насупраць Чырвонага Касцела. Сабралося каля 1-2 тыс. чалавек. Быў нейкі хлопец, які кіраваў акцыяй. Спачатку ен загадаў ўсім запаліць знічкі – у каго яны былі, тыя запалілі. І так у маўчанні стаялі. Пасля хлопец сказаў, што акцыя закончана і можна разыходзіцца. І ўсе разышліся.
Сяргей Горбік: Вялікая колькасьць людзей, якія рэальна былі далёкія не толькі ад БНФ, а нават агулам ад палітыкі. Памятаю, твары людзей, якія адчувалі, разумелі трагедыю…. багата хто з іх, асабліва жанчын, плакалі шчыра.
Паліна Сцепаненка: Вельмі шмат людзей, якія адчувалі Чарнобыльскую катастрофу, як агульнае гора з невядомымі наступствамі. Мы з адагрупніцамі з філфаку стаялі ў сярэдзіне плошчы. Незнаёмая жанчына дала мне свечку і запаліла яе. Людзі стаялі шчыльна з запаленымі свечкамі ў руках, Я увесь час глядзела на агонь свечкі, мне здавалася важным, каб ён не згас, здавалася, што ад гэтага залежыць нешта важнае. Маўчанне на плошчы перарывалася толькі гукам звону смутку па ахвярах – тым, шо ёсць і тым, што будуць.
Валеры Міцкевіч: Што можна было адчуваць у такі дзень? Жах ад трагедыі і смутак па памерлых.
Павел Змітрук: Быў на акцыі, пазнаў сябе на здымку. Памятаю, але не занатоўваў амаль нічога… жылі на эмоцыях. Не ведаю нават, калі яно балела „ярчэй” – тады, калі ўдома было двое дзетак 2 і 4 гады, ці зараз, калі побач шчабеча ўнук 10-ці гадоў. Жылі тады…жывем цяпер. „Як баліць гэты Край – лебядзіная песня народа. Як баліць гэты Край… Як баліць ён… О, як ён баліць!”
Вадзім Казначэеў: Вось толькі контур я і памятаю – сьвечкі, Пазьняк выступаў, я тады яго бачыў другі ці трэці раз у жыцці). Я там быў з тагачаснай сяброўкаю і больш быў засяроджаны на асабістых аспектах.
Раман Якаўлеўскі: У той час было адчуванне еднасці, і было зразумела, што далей рабіць, аднак, на жаль гэта разуменне з часам неяк знікла, а радыяцыя не.
“Гадзіна смутку і маўчання” – 26 красавіка 1989 года, Менск, фотаздымак Уладзіміра Сапагова.
Выставу падрыхтавалі: Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя