Кіраўнік КДК: Бабарыка затрыманы за арганізацыю супрацьпраўнай дзейнасці (абноўлена)
„Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам, кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”, — заявіў Церцель у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.
Паводле слоў кіраўніка КДК, расследаванне вядзецца па шэрагу кірункаў: „Першае — гэта махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 млн долараў ЗША, у выніку якіх на замежныя рахункі ў падкантрольныя структуры членамі злачыннай групы выведзеныя буйныя сумы валюты. Акрамя таго, намі ўстаноўлены адмывачныя схемы, па якіх ажыццяўляўся вывад у замежныя банкі вялікіх сум валюты на падкантрольныя структуры. У прыватнасці, адной з такіх структур з’яўляўся латвійскі банк ABLV. Паводле звестак, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калег, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банка на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанка” было выведзена звыш 430 млн долараў ЗША”.
„Акрамя таго, намі задакументаваныя шматлікія факты атрымання хабараў службовымі асобамі банка за выдачу крэдытаў прадпрымальнікам і асобам з так званай дрэннай крэдытнай гісторыяй”, — заявіў Церцель.
Ён таксама адзначыў, што ўстаноўлена „дачыненне шэрагу службовых асоб да арганізацыі схем, звязаных фактычна да прымусу грамадзян у атрыманні крэдыту на сваё імя з наступнай перадачай ім грашовых сродкаў і забеспячэннем гэтымі сродкамі грамадзян за працэнты”.
Па паведамленні тэлеканала, усяго затрымана каля 20 чалавек, „практычна ўсе яны супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя паказанні ў дачыненні да Бабарыкі як арганізатара злачыннай схемы”. „Беларускія праваахоўнікі цяпер супрацоўнічаюць з калегамі з 18 краін, накіраваныя адпаведныя запыты, у тым ліку і ў ЗША”, — адзначаецца ў сюжэце.
Раніцай 18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, які ўзначальвае ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне бацькі кандыдатам у прэзідэнты, перасталі выходзіць на сувязь. Пазней стала вядома, што Бабарыка-старэйшы знаходзіцца ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК. Адвакаты паведамілі, што не змаглі да яго патрапіць.
***
Адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыкаў не могуць патрапіць да сваіх кліентаў у ДФР КДК. Гэта тлумачаць тым, што ў будынку праходзяць «вучэнні», паведамляе tut.by. А калі каля будынка супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўбачылі прэсу, то і зусім зачынілі дзверы знутры на ключ.
Адвакат Аляксандр Пыльчанка распавёў пра затрыманне кандыдата ў кандыдаты: «Яго не выклікалі на допыт, спынілі машыну і прапанавалі праехаць».
Тым часам з’явілася інфармацыя аб тым, што ў доме Бабарыкі адбываецца ператрус.
* * *
Віктар і Эдуард Бабарыкі перасталі выходзіць на сувязь. Пра гэта паведамілі ў штабе.
Штаб паведаміў, што каманда сабрала 425 тысяч подпісаў. Раніцай Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам паехалі здаваць чарговую частку подпісаў і зьніклі.
– Але, на жаль, нам з усіх сіл перашкаджаюць ўсталяваць наш рэкорд. Сёння раніцай Эдуард і Віктар паехалі здаваць чарговую частку подпісаў сабраных вамі. Зараз яны не выходзяць на сувязь, тэлефоны не даступныя. ДФР дзверы не адкрывае, каментароў не дае, – паведамілі ў штабе Бабарыкі.
Напярэдадні стала вядома, што рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблакаваны – арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку.