Як арганізаваць цікавы адпачынак падчас пандэміі?
Заняцца лакальным турызмам у Беларусі можна ў летні час, пакуль у свеце не скончылася пандэмія, а межы большасці краінаў застаюцца зачыненымі. Але як правільна спланаваць свой маршрут для тых, хто заўсёды карыстаўся паслугамі турыстычных фірмаў і што ўвогуле можна наведаць на Берасцейшчыне?
Адказы на такія пытанні шукалі разам з берасцейскім гідам, аўтаркай суполкі “Брэст цікавы” Таццянай Мірашэвіч.
РР: У часе каронавіруса, калі межы закрытыя, ці можна сапраўды арганізаваць дома альтэрнатыўны адпачынак?
Таццяна Мірашэвіч: Другога выйсця ў гараджан зараз і няма. Ім даводзіцца ладзіць свой адпачынак самастойна. Гэта можа быць наведванне музеяў, гэта можа быць выправа на прыроду, на вадаёмы, а таксама ў паркавых зонах можна адпачыць. Можна даследаваць горад.
РР: У чалавека ёсць толькі 24 гадзіны на адпачынак. Як можна спланаваць вандроўку ці карысна правесці свой час у Берасці ды Берасцейскім раёне?
Таццяна Мірашэвіч: Перш за ўсё – гэта роварныя маршруты. У нас пракладзеная экасцяжына ўздоўж Мухаўца. Пачынаецца яна ад Берасцейскай крэпасці і далей па Вялікай і Малой Соі і потым на ўсход. Вельмі цікавы маршрут, на якім усталяваны стэнды з інфармацыяй экалагічнай. Гэта бяспечны маршрут. Можна самастойна ці са сваёй сям’ёй праехаць такі цікавы маршрут.
Як адзначыла Таццяна Мірашэвіч, не трэба баяцца эксперыментаваць і абіраць дагэтуль невядомыя маршруты Берасцейшчыны. Засталося яшчэ шмат месцаў на мапе Берасця і Берасцейскага раёна, якія не былі даследаваныя ні мясцовымі, ні замежнымі турыстамі.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: sb.by