На саміце Усходняга партнёрства Беларусь будзе прадстаўляць Галоўчанка
У саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе сёння ў фармаце відэаканферэнцыі, ад Беларусі возьме ўдзел прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Удзел у саміце возьмуць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краін Еўразвяза і шасці краін Усходняга партнёрства (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны).
Як раней паведамляла прэс-служба Савета ЕЗ, пасяджэнне пройдзе пад старшынствам прэзідэнта Еўрапейскага савета Шарля Мішэля. Удзел у сустрэчы таксама возьмуць кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйнен і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозэп Барэль.
„У парадак заўтрашняга пасяджэння ўключаныя тры пункты, — распавяла прадстаўнік ЕЗ журналістам на брыфінгу 17 чэрвеня. — Першы — тычыцца пандэміі COVID-19. Мы лічым, што сустрэча — гэта важная магчымасць, каб выказаць салідарнасць з нашымі ўсходнімі партнёрамі, падтрымаць іх і сустрэць выклікі разам не толькі па пытаннях грамадскага здароўя, але і ў аднаўленні эканомікі”.
Паводле яе слоў, удзельнікі сустрэчы таксама пацвердзяць стратэгічную прыхільнасць мэтам ініцыятывы „Усходняе партнёрства” і падвядуць вынікі 10-гадовай рэалізацыі УП. Трэцім пунктам парадку дня стане абмеркаванне на вышэйшым узроўні доўгатэрміновых мэтаў Усходняга партнёрства, якія могуць быць ухваленыя на саміце 2021 года.
З-за таго што саміт будзе праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі, па яго выніках не плануецца прымаць ніякія сумесныя заявы або дэкларацыі.