«Мне давялося рэзаць руку». Севярынца асудзілі яшчэ на 15 сутак (абноўлена)



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Паўла Севярынца, які адбывае адміністрацыйны арышт, асудзілі дадаткова на 15 сутак за ўдзел у „несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. Такое рашэнне прыняў 18 чэрвеня на пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна Менска суддзя Андрэй Млечка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

* * * 

З 7 чэрвеня Павел Севярынец знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску. Да сённяшняга дня яму прысудзілі 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Сёння суд Фрунзенскага раёна пачаў новы адміністрацыйны працэс па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Севярынец утрымліваецца ў карцэры, дзе адключылі ваду. У яго забралі ўсе рэчы, перадачы не прымаюць. «На знак пратэсту мне давялося рэзаць руку», – заявіў ён падчас судовага працэсу.

На суд прыйшло больш за 20 чалавек, у тым ліку жонка Паўла Севярынца.

«У яго забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна, — паведаміла Вольга Севярынец. — Паша просіць, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць нібыта праз каронавірус».

Працэс вядзе суддзя Млечка.

Паўла Севярынца ў суд не даставілі, яго дапытваюць з ізалятара па скайпе. Палітык паспеў паказаць спаласаваную руку.

– Я не лічу гэты суд справядлівым, таму заяўляю адвод суддзі і сакратару суда. У Беларусі ня існуе незалежнага суда, усё вырашае тэлефоннае права, і вы як юрыст гэта цудоўна разумееце, – звярнуўся Павел да суддзі. – Мяне трымаюць у карцары ІЧУ, дзе адключаная вада, мяне пазбавілі ўсіх рэчаў, і так ужо дзесяць дзён. На знак пратэсту мне давялося рэзаць руку. У Вольгі Нікалайчык такія самыя ўмовы.

Суддзя адхіліў хадайніцтва аб адводзе суддзі і сакратара. Пры гэтым задаволіў хадайніцтва весьці працэс на беларускай мове.

Згодна з пратаколам, Павел Севярынец прыняў удзел у двух мітынгах, якія «былі не звязаныя з выбарчай кампаніяй» – у Менску і Віцебску, выкрыкваў лозунгі: «Жыве Беларусь», «Сыходзь», «Стоп таракан», «Свабоду Статкевічу», «Свабоду Ціханоўскаму», «Свабоду палітвязням ».

На пытанне, ці прызнае Севярынец сябе вінаватым, ён заявіў:

— Мне незразумела, за што мяне судзяць. Абодва пікеты былі дазволеныя, мой удзел быў узгоднены з ініцыятыўнымі групамі Няпомняшчых, Кавальковай, Ціханоўскай. Адкажыце, калі я нешта парушыў, то чаму не судзяць БРСМаўцаў, удзельнікаў пікета Лукашэнкі, які адбыўся каля «Дана Мол»? Як гэта можна юрысту ўмясціць у галаву? Гэта нагода даць плюс 15, плюс 15, плюс 15 сутак, каб я не змог прыняць удзел у выбарчай кампаніі, каб я не быў разам з сям’ёй, а ўсё лета правёў у карцары? Нары ў карцары адкідваюцца з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы, у астатні час яны не адкідваюцца, карцар — бетонны пакой памерам 3 на 2 метры, сонца не бачна, на прагулкі мяне не выводзяць. Калі ноч халодная, не спіш, а адціскаешся ад падлогі, каб не змерзнуць.

tut.by