Пра пятыя кропкі сябраў участковых камісій



Хутка выбары. А гэта азначае што? Што назіральнікі замест бюлетэняў будуць бачыць пятыя кропкі сябраў участковых камісій. Бо ў Беларусі назіральнікаў да падліку галасоў выбарцаў дапускаюць умоўна. Яны як бы ў памяшканні знаходзяцца, аднак убачыць, за каго галасавалі выбарцы, не могуць. Бюлетэні абараняюць целы сябраў участковых камісій. Яны цеснай сцяной стаяць вакол стала і засланяюць бюлетэні, у якіх грамадзяне выказалі сваё волевыяўленне. Такое адчуванне, нібыта назіральнікі могуць сваімі позіркамі спаліць тыя бюлетэні, калі пабачаць. У адказ, на прасторах інтэрнэту з’явілася процьма фатаздымкаў з этапу падліку галасоў, калі назіральнікам бачныя толькі пятыя кропкі сябраў участковых камісій.

Аднак цяпер мы, відаць, не зможам убачыць пятых кропак сябраў участковых камісій. І не таму, што яны дапусцяць назіральнікаў глядзець, што напісана ў бюлетэнях. Проста цяпер месца для здымак вызначае старшыня. А фота і відэафіксацыю сябраў участковых камісій нельга праводзіць без іх дазволу і дазволу старшыні камісіі. А хто ж у сваім розуме пагадзіцца, каб фоткалі іхнія пятыя кропкі падчас падліку галасоў выбарцаў. Старшыня ўчастковай камісіі дазволіць фатаграфаваць, як яны абступаюць сталы, так жа, як у судзе дазваляюць весці фота- і відэаздымкі пасяджэнняў, калі грамадскіх дзеячаў караюць адміністрацыйнымі арыштамі ці штрафамі за тое, што яны не рабілі. То бок кажучы простай мовай, хутчэй іншапланетнікі прыляцяць на зямлю, чым старшыні ўчастковых камісіяў пры цяперашняй уладзе дазволяць рабіць фотафіксацыю падліку галасоў назіральнікам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ