Павел Белавус: Паспрабуем даказаць, што ўсё гэта – псіхоз
Дырэктар крамы symbal.by Павел Белавус распавёў пра тое, як яны збіраюцца працаваць пасля закрыцця вытворчасці.
Нагадаем, 12 чэрвеня супрацоўнікі Савецкага РУУС Менска забралі ў кур’ера крамы symbal.by 419 цішотак з надпісам “ПСІХО3%”.
Пасля гэтага ў памяшканне крамы прыйшлі з праверкай супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС, падатковыя інспектары і прадстаўнікі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна Менска.
Па выніках праверкі ўладальнікі атрымалі ад санстанцыі патрабаванне з 18 чэрвеня прыпыніць працу вытворчасці да ліквідацыі парушэнняў.
Павел Белавус: З сёняшняга дня мы не маем права займацца вытворчасцю прадукцыі ў нашым цэху. Электрычнасць таксама адключана. ЖЭУ адгаворваецца, што, маўляў, мы павінны паказаць нейкія дамовы, іншыя дакументы. Адным словам, робяць усё, каб не ўключаць святло, хаця мы спрабуем даказаць, што працуем у межах закона.
РР: Што будзеце рабіць у такой сітуацыі?
Павел Белавус: Фактычна мы працягваем працу – прадаем тую прадукцыю, якая ўжо выраблена. Хаця знаходзімся без электрычнасці, але касавыя апараты працуюць.
Таксама дзве праверкі праводзіць міліцыя, таму чакаем, чым яны закончацца. Магчыма, будзе заведзена таксама нейкая справа.
Акрамя таго, мы пачалі акцыю “Стыкер салідарнасці”. Можна купіць стыкер, а атрыманыя сродкі ад продажу мы накіруем на працу адвакатаў і юрыстаў па нашай справе і на падтрымку крамы.
РР: Якія прагнозы?
Павел Белавус: Мы ж бачым, якая зараз наогул абстаноўка ў краіне – не толькі вакол нашай кампаніі, але і вакол кандыдатаў у прэзідэнты. Штодзень адбываюцца рэпрэсіі, бачым нейкія новыя “падарункі” ад улады.
Але мы працуем і атрымліваем каласальную падтрымку ад розных людзей. Мы дакладна не скарымся і паспрабуем даказаць, што ўсё тое, што адбываецца сёння вакол нашай крамы, – гэта псіхоз.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ok.ru/belavus