Беларусь як яблык разладу



«У беларусаў – каўбаса з мяса, цукар больш салодкі, вада больш мокрая, вуліцы чыстыя, карупцыі няма, медыцына бескаштоўная. А таму што Прэзідэнт – добры гаспадар. Бачыце, 26 гадоў ва ўладзе. Яго ўвесь час выбіраюць: значыць, людзі яго любяць і не хочуць, каб было горш. Не тое, што ў нас – 5 гадоў, і новы! Ды і гэты за год не апраўдаў даверу. Рэйтынгі імкліва падаюць. І жонку не ўратаваў. Вось, жонка яго каронавірусам захварэла. Што ён можа для краіны зрабіць, калі нават яго сям’я не можа сябе адчуваць у бяспецы?» Такія размовы вельмі часта можна пачуць ва Украіне на рынках і ў транспарце. І сярод бабуль, якія сядзяць у дварах на лавачках.

«Ого, які дыктатар, звер які! Як можа нармальны, дэмакратычна абраны прэзідэнт, у цэнтры Еўропы хаваць у турмах сваіх палітычных апанентаў! На нашага можна пародыю зрабіць і па тэлевізары паказаць, а там – нельга катэгарычна! Ды наш і сам, да прэзідэнцтва, таксама пародыямі забаўляўся, а яго не тое, што ў турму не пасадзілі, а яшчэ і кіраўніком дзяржавы выбралі», – разважаюць тыя, хто здольны думаць. 

«Ага, калі беларускі Прэзідэнт схаваў за краты нейкіх апазіцыянераў, значыцца, заслужылі. Няма чаго расхістваць сітуацыю ў такой шчаснай дзяржаве», – гнуць сваю лінію ваенныя пенсіянеры часоў Чырвонай Арміі.

«Як можна дапусціць палітычныя пераследы пятага Прэзідэнта Украіны, крымінальныя справы супраць якога з’яўляюцца юрыдычна неабгрунтаванымі! Як раз цяпер адбываецца над ім суд, дзе абіраюць меру стрымання. Ганьба! У дэмакратычнай дзяржаве недапушчальна звядзенне палітычных рахункаў! Гэта ўжо нагадвае сітуацыю ў Беларусі», – абураюцца юрыдычна падкаваныя грамадзяне. І атрымліваецца, што Беларусь усё часцей становіцца яблыкам разладу сярод украінцаў, падзяляючы апошніх на свядомых і прымітыўных. А давайце лепш разам праспяваем «Белавежскую Пушчу»!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ