Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выcтупіла з заявай



Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выказвае пратэст супраць націску, запалохванняў і бесчалавечнага стаўлення да людзей у сувязі з выказваннем імі свайго меркавання і ўдзелам у легальных масавых мерапрыемствах і заклікае ўлады да шанавання правоў чалавека і гуманістычнага стаўлення да асобы. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце аб`яднання.

У дакуменце адзначана, што беларускія праваабарончыя арганізацыі цягам апошняга месяца „неаднаразова выказваліся з нагоды пераследу актывістаў і ўдзельнікаў электаральнай кампаніі і парушэнняў правоў чалавека і патрабавалі спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі”.

„Асобна Беларускі ПЭН звяртае ўвагу на недапушчальнасць жорсткага бесчалавечнага стаўлення і катаванняў у дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, блогераў, сябраў каманд прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты, а таксама творцаў, сярод якіх лаўрэаты прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра і літаратары”, — падкрэслілі члены рады аб`яднання.

У заяве звяртаецца ўвага на тое, што 7 чэрвеня былі затрыманыя лаўрэаты прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра Павел Севярынец і Вольга Мікалайчык. У мінскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў яны „зазнаюць жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае для годнасці абыходжанне, утрымліваюцца ў антысанітарных умовах, зазнаючы небяспеку інфікавання каранавірусам”.

Адмова ў прыняцці перадач для зняволеных „са спасылкамі на пандэмію пры неўвядзенні ў Беларусі каранціну і характарыстыкай сітуацыі ў свеце як „каранавірусны псіхоз”, мяркуюць члены рады аб`яднання, „толькі падкрэслівае палітычную матываванасць забароны”.

Апрача таго, Беларускі ПЭН-цэнтр абураны пераследам пісьменніцы і настаўніцы Ганны Севярынец „пасля публікацыі верша, які заканчваецца радкамі „Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю”. „Гэты тэкст — адказ на словы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымае выкарыстанне зброі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, — падкрэслілі члены рады аб`яднання. — 10 чэрвеня з сайта Нацыянальнай бібліятэкі знялі артыкул „Творчыя знаходкі і дары Ганны Севярынец”, прысвечаны паэзіі 20-х гадоў ХХ стагоддзя, які быў надрукаваны ў газеце „Звязда” 9 чэрвеня 2020 года. 11 чэрвеня прадстаўнік адміністрацыі гімназіі, у якой працуе Ганна Севярынец, паведаміў, што працоўны кантракт з Ганнай Севярынец гімназія працягваць не будзе, бо настаўніца, паводле ягоных словаў, не мае права крытыкаваць уладу”.

Каментуючы апошнія падзеі, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Святлана Алексіевіч заявіла: „Цягам некалькіх дзён мы апынуліся ў краіне, дзе не працуе ні адзін з прынцыпаў гуманізму”. „Цяпер выбар за кожным з нас — у якой краіне мы хочам жыць у будучыні? У краіне сумленных выбараў або ў краіне, дзе выбару няма. Чым больш нас будзе на баку свабоды, тым мы мацнейшыя. У адзіночку самыя смелыя з нас зазнаюць паразу. Каб мы перамаглі, кожны сёння мусіць адолець свой страх”, — адзначыла нобелеўскі лаўрэат па літаратуры за 2015 год.

belapan.by