Вялізныя штрафы незалежным журналістам з БЕЛСАТу



Суд Ленінскага раёну Гародні пакараў вялізнымі штрафамі незалежных журналістаў: Зміцера Міцкевіча – на 35 базавых велічынь і Сяргея Кавалёва – на 40 базавых велічынь. Пры гэтым у журналістаў былі канфіскаваныя іх прылады працы.

– Чарговы раз нас судзілі цалкам беспадстаўна. На ўсе довады нашы, што доказы не з’яўляюцца сапраўднымі, суддзя ніяк не зрэагаваў. Што вельмі цікава, па гэтым артыкуле 22.9 частка другая не прадугледжана канфіскацыя, але пры гэтым тэхніку канфіскавалі. Што з’яўляецца, канешне, дзіўным фактарам.

Праваабаронца Раман Юргель лічыць, што суд сваім рашэннем парушыў Канстытуцыю Беларусі і міжнародныя пакты.

– Згодна з артыкулам 34-м Канстытуцыі, кожны мае права атрымліваць, захоўваць і перадаваць інфармацыю. І згодна з артыкулам 19-ым міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, парушана таксама і свабода слова. І Канстытуцыя Беларусі парушана, і міжнародныя пакты. І гэта ўсё падчас выбараў.

Журналісты будуць падаваць касацыйныя скаргі, каб вярнуць сваю тэхніку, а таксама паехалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў па свае тэлефоны і сімкарты.

 

Беларускае Радыё Рацыя 

Фота Сяргея Апановіча