Чаму ўлада абрынулася на “кандыдата надзеі”?



Выбары ў Беларусі, выглядае на тое, скончыліся. Прынамсі, такое складваецца ўражанне ад прачытання гарачых навінаў пра здзекі з палітзняволеных у турмах на Акрэсціна і ў Валадарцы. З больш свежага — затрыманне і допыт бацькі і сына Бабарыкаў. Яны ішлі здаваць подпісы, якіх па стане на сёння 425 тысяч, але трапілі ў засценкі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Зрэшты, гэта было дастаткова прагназавана. Улада вельмі раўніва ставіцца да поспеху апанента, які лёгка сабраў амаль паўмільёна добраахвотных подпісаў. Улічваючы дынаміку росту папулярнасці экс-банкіра Віктара Бабарыкі, нерэгістрацыя яго кандыдатам была, хутчэй за ўсё, пытаннем вырашаным. Але непрыемнасці ў фаварыта гонкі пачаліся значна раней, чым прагназавалі нават песімістычныя палітычныя аглядальнікі. Яшчэ ў працэсе збору подпісаў на сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі пачаўся ціск. У дачыненні да “Белгазпрамбанку”, якім кіраваў Віктар Бабарыка, распачалася крымінальная справа па факце ўхілення ад падаткаў і адмывання грошай. Дзясяткі год банк працаваў без праблем, а тут, як толькі Віктар Бабарыка агучыў жаданне ісці ў прэзідэнты, адразу былі знойдзеныя злоўжыванні.

Улада дзейнічае абсалютна без тармазоў, спрабуючы спыніць агітацыйную кампанію Віктара Бабарыкі. Пра гэта сведчыць беспрэцэдэнтны ціск на гэтага кандыдата. Кіраўніцтва дзяржавы нават не спрабуе прытрымлівацца фармальных правілаў гульні. Калі 17 чысла ўвечары стала вядома пра блакаванне выбарчага фонду Віктара Бабарыкі ў “Беларусбанку”, які ствараўся легальна і згодна Выбарчаму кодэксу, можна было чакаць самага негатыўнага ў бліжэйшы час. Так і здарылася на наступны дзень, калі сям’ю Бабарык фактычна ўзялі ў закладнікі. У гэты момант вядома пра допыт Эдуарда і Віктара ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. Да абодвух грамадзян не дапускаюць адвакатаў, груба парушаючы працэсуальныя нормы. А ў іх кватэрах і дамах праводзяцца вобшукі без прысутнасці гаспадароў.  

Беларускай палітыцы апошнюю чвэрць стагоддзя катастрафічна бракавала адэкватнасці і адсутнасці надрыву. Выглядае на тое, што Віктар Бабарыка „асядлаў” хвалю грамадскіх настрояў. Чым грамчэй крычыць кіраўнік дзяржавы, тым спакойней яго апанентам трэба сябе пазіцыянаваць. Цяжка сказаць, чым там скончыцца гісторыя з ДФР, куды пацягнулі раніцай сына і бацьку Бабарыкаў, але падтрымка гэтага прэтэндэнта з боку грамадзянаў — дакладна нешта новае.

Улада сваімі дзеяннямі прымушае апанентаў дзейнічаць на звыклым для яе полі вулічнага супрацьстаяння. Да сваёй галоўнай плошчы кіраўнік дзяржавы рыхтуецца чвэрць стагоддзя. А тут такое расчараваенне цягам кампаніі, што фаварыт гонкі заняў разважлівую пазіцыю, якая скарыла нават адданы яму электарат. Гэтыя выбары дакладна ў гісторыю ўвойдуць, як пераломныя для Беларусі. Як там гаварыў адзін француз: „Штыхамі можна зрабіць усё. Толькі нельга на іх сядзець”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ