У Віцебску пабіты даваенны тэмпературны рэкорд
Трэці дзень запар на беларускіх метэастанцыях абнаўляюцца рэкорды цяпла.
18 чэрвеня перакрытыя 16 лакальных максімумаў: на ўсіх 11 станцыях у Віцебскай вобласці, на чатырох — у Магілёўскай і на адной — у Менскай, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.
У Віцебску пабіты рэкорд дня 81-гадовай даўніны: 31 градус супраць 30,7.
У Магілёве абноўлены экстрэмум, які трымаўся з 1991 года, — 31,4 супраць 30,4 градуса.
Цяплей за ўсё мінулым днём было ў Клічаве — 31,6 градуса вышэй за нуль (ранейшы лакальны рэкорд — 30,1 таксама ў 1991 годзе) пры абсалютным максімуме дня для ўсёй тэрыторыі краіны 34,5 (у Лельчыцах 29 гадоў таму).
З 16 перакрытых рэкордаў 12 адносяцца да 1991 года, два — да 2018-га, па адным — да 1939-га і 2016-га.
Напярэдадні новыя тэмпературныя рэкорды былі зафіксаваныя ў Мінску (29,7 градуса) і яшчэ на 20 метэастанцыях Віцебскай, Гродзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцей. Усяго з пачатку чэрвеня перакрытыя 99 максімумаў (8—12, 16—18 чэрвеня). Да канца тыдня, паводле прагнозу Белгідрамета, гарачае надвор’е захаваецца.