Гародня: cправу Сяргея Калмыкова адправілі на перагляд
Адміністрацыйную справу гарадзенца Сяргея Калмыкова, што разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Гародні, адправілі на перагляд у РАУС. Сяргей абвінавачваўся па 2-х артыкулах: па артыкуле 17.1 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і быў затрыманы 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім.
Пра перагляд справы распавядае Сяргей Калмыкоў:
– Я думаю, што ў іх ёсць недапрацоўкі, і няма матывуючай часткі, каб затрымліваць мяне на 7 сутак. І няма складу злачынства для адміністрацыйнага пратаколу. Цяпер вярнулі справу для таго, каб, напэўна, прыдумаць нейкі новы артыкул. Яны могуць мяне прыцягнуць да адказнасці па іншых артыкулах, не ведаю яшчэ па якіх, але я буду актыўна абараняцца. Праўда на маім баку, таму мне лёгка гэта рабіць.
Сваімі ўражаннямі ад працэсу падзяліўся прааваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Фактычна гэтая адміністрацыйная справа рассыпалася яшчэ ў першы дзень разгляду, калі паказанні супрацоўнікаў міліцыі-сведак былі настолькі супярэчлівымі, настолькі абсурднымі, што стала відавочна, што нельга судзіць паводле тых складзеных пратаколаў, якія склалі ў Ленінскім РАУС на Сяргея Калмыкова. Таму суддзя вяртае зараз матэрыялы справы назад у РАУС. І як яны далей будуць абыходзіцца з гэтай справай, ці яны будуць па новаму складаць пратаколы, ці пераафармляць іх, ці адпадзе нейкі адзін з артыкулаў, ці застанецца іншы, ці ўвогуле справа спыніцца, цяжка прагназаваць. Трэба проста зараз чакаць інфармацыі з РАУС.
Суд вяла суддзя Ларыса Барэль, якая, па словах праваабаронцаў, упершыню займалася справай над грамадскім актывістам. Падтрымаць хлопца на суд прыйшлі гарадзенскія актывісты і прадстаўнікі каманды Святланы Ціханоўскай.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча