Губарэвіч заявіў пра завяршэнне ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч заявіў пра завяршэнне ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, ён плануе засяродзіцца на арганізацыі назірання.

«19 чэрвеня – апошні дзень збору подпісаў. Як і планавалася, мая каманда, выкарыстоўваючы легальную магчымасць, праводзіла пікеты ад Менска да пляцоўкі каля АЭС для таго, каб казаць пра небяспеку «каранавыбараў» – як для здароўя грамадзян, так і для нашых правоў як выбарнікаў», – сказана ў заяве Губарэвіча.

На яго думку, улады з пачатку кампаніі дзейнічаюць «нахабна, па-хамску, брутальна», нарастаюць рэпрэсіі,«не засталося і рэшткаў законнасці». Палітык нагадаў, што яго сёння пакаралі арыштам на 15 сутак за ўдзел у легальным пікеце па зборы подпісаў.

«На фоне рэкорднага зніжэння рэйтынгу, не маючы што прапанаваць беларусам для абнаўлення сацыяльнага кантракта, Лукашэнка імкнецца ўтрымаць уладу выкарыстаннем сілавых структур», – лічыць старшыня руху «За Свабоду».

У гэтай сітуацыі, заявіў ён, «беларусам трэба дамагацца спынення рэпрэсій і вызвалення ўдзельнікаў і актывістаў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі», у тым ліку кіраўніка ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага і прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы.

Губарэвіч заклікаў распусціць Цэнтрвыбаркам на чале з Лідзіяй Ярмошынай, які, на яго думку, не карыстаецца даверам грамадства. «Неабходна сфармаваць новы склад ЦВК, каб гэта быў цэнтрвыбаркам народнага даверу», – прапанаваў палітык.

Акрамя таго, на яго думку, у склад участковых выбарчых камісій павінны ўвайсці прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты, а назіральнікі павінны атрымаць права кантраляваць падлік галасоў.

«Перад усімі, хто выступае за перамены ў Беларусі і каму зразумела, што сапраўдных выбараў сёння няма, стаіць сумесная задача: законным шляхам дамагчыся правядзення сапраўдных, дэмакратычных выбараў, – заявіў Губарэвіч. – Менавіта актыўнае і масавае назіранне – законная магчымасць адстойваць сапраўднае волевыяўленне народа».

Пасля заявы Губарэвіча ў прэзідэнцкай гонцы засталося 12 удзельнікаў.

БелаПАН