Менск: затрыманні падчас апошняга перадвыбарчага пікету



У апошні дзень збору подпісаў — 19 чэрвеня — у Менску паўтарыўся „Ланцуг салідарнасці” з людзьмі, якія знаходзяцца пад рэпрэсіямі рэжыма. Запланаваны ён быў у межах збору подпісаў за правацэнтрысцкіх кандыдатаў, каля Філармоніі, як і ў папярэдні дзень. Сюды былі сцягнуты АМАПаўцы і аўтазакі. Па дадзеных праваабаронцаў, у сталіцы затрымана каля 80 чалавек. Пры затрыманнях ужывалася грубая сіла.

Ланцуг расцягнуўся да Плошчы перамогі (каля аднаго кіламетру), але потым быў адціснуты АМАПам да Філармоніі. Пасля чаго Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова заклікалі людзей разысціся:

– Проста разыдземся. Мы не змаглі зрабіць ланцуг. Але мы ўчора паказалі, што, па-першае, нас шмат. Па-другое, мы рашуча настроеныя. І трэцяе, перамога будзе за намі. Дзякуй, сябры!

– І мы патрабуем у людзей у пагонах, якія сёння прыйшлі, вызваліць усіх затрыманых і ўсіх людзей, якія сёння незаконна знаходзяцца ў СІЗА КДБ на Валадарскага і на Акрэсціна.

– Свабоду! Свабоду!!!

Каля пікетаў былі вялікія праблемы з мабільным інтэрнэтам—з перабоямі працавалі мэсэнджары, і СМІ, якія вядуць стрымы  („Белсат”, „Радыё Свабода”) не адразу змаглі іх уключыць. Да Філармоніі, акрамя АМАПаўцаў, падагналі аўтазакі, міліцыянты ў гучнагаварыцель папярэджваў аб несанкцыянаванасці схода.

Не абышлося без затрыманняў — наўпрост у жывым эфіры падчас стрыму затрымалі карэспандэнтку „Свабоды” Аляксандру Дынько, а затым і яе аператара Андрэя Рабчыка, і звезлі ў невядомым кірунку. Затрыманы таксама аператар „Белсат” Уладзімір і журналіст Reuters.

Стала вядома, што Аляксандру Дынько вызвалілі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск