“Ланцуг салідарнасці” ў Баранавічах



Каля 500 жыхароў Баранавіч выйшлі на вулічны “Ланцуг салідарнасці” з арыштаванымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты, палітыкамі і актывістамі.

Людзі ў ланцугу былі зусім не заангажаваныя ў палітыцы, але яны жадаюць перамен і пераадолелі свой страх, каб наблізіць гэтыя перамены, кажа каардынатар руху “За свабоду” па Берасцейскай вобласці Юрый Казакевіч:

– Людзі былі самых розных сацыяльных слаёў. І самых розных узростаў. Вельмі важна таксама, што я ні разу ні на чыім твары не ўбачыў такіх эмоцый як страх, злосць, не было ні граму агрессіі.

Паводле Юрыя Казакевіча, крычалак было няшмат, але былі галоўныя, па якіх можна было вызначыць мэту „Ланцуга салідарнасці”:

– Крычалка была ў асноўным адна – “Выпускай!”.  Некалькі разоў даваліся лозунгі “Жыве Беларусь!”

Па словах Казакевіча, акцыю ніхто не арганізоўваў, былі агульныя прапановы ў сацсетках. Да гонару мясцовай міліцыі, праваахоўнікі былі, але не ўмешваліся. Юрый Казакевіч мяркуе, што акцыі працягнуцца і будуць больш шматлюднымі.

Беларускае Радыё Рацыя