У Светлагорску затрымлівалі праваабаронцу “Вясны” Алену Маслюкову



Прыкладна а 22-й гадзіне Алену Маслюкову вызвалілі. Яна паведаміла, што затрымлівалі яе тры супрацоўнікі РАУС, сярод іх – Анапрыенка. У РАУС Алену Маслюкову апытвалі пра ўчорашняю акцыю. Пратакол апытання складаў Віталь Шуст.  Пры гэтым таксама прысутнічаў і міліцыянт Перавядзенцаў. 

***

Праваабаронца “Вясны” са Светлагорску Алена Маслюкова паведаміла сёння ў 18 гадзін, што яе забралі ў мясцовы РАУС. Абставіны затрымання высвятляюцца.

Як паведаміў яе сусед, міліцыя затрымала Алену каля пад’езда яе дома і звезла на аўтамабілі. 

Мяркуецца, што 21 чэрвеня ў Светлагорск на адкрыццё руху электрацягнікоў павінен прыехаць Аляксандр Лукашэнка. 

Учора, 19 чэрвеня, Алена Маслюкова маніторыла як праваабаронца „ланцуг салідарнасці”, які праходзіў у Светлагорску. Тады, у час „ланцугу”, начальнік РАУС Аляксандр Зязётка пагражаў ёй затрыманнем.

А 17 чэрвеня Алену Маслюкову пакаралі штрафам на 30 базавых велічынь (810 рублёў) па  частцы 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

http://spring96.org/