Прадстаўнік АБСЕ выказаўся ў падтрымку журналістаў у Беларусі



Беларускія ўлады павінны забяспечыць журналістам магчымасць выконваць сваю працу, асвятляць важныя мерапрыемствы, не асцерагаючыся затрымання. З такой заявай выступіў прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Арлем Дэзір.

Заяву распаўсюдзіла 20 чэрвеня прэс-служба АБСЕ. Дэзір выказаў занепакоенасць затрыманнямі журналістаў у Беларусі 19 чэрвеня падчас асвятлення пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

«Перашкода дзейнасці прэсы негатыўна адбіваецца на свабодзе СМІ і свабодным распаўсюджванні інфармацыі, што выклікае сур’ёзную занепакоенасць», – гаворыцца ў заяве.

19 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі затрымлівалі журналістаў, якія асвятлялі акцыі салідарнасці з удзельнікамі прэзідэнцкай кампаніі. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Менску, Гомелі, Магілёве і Бабруйску былі затрыманыя супрацоўнікі «Радыё Свабода», Reuters, «Еўрарадыё», tut.by, onliner.by, «Белсата», а таксама журналісты-фрылансеры. Праз некалькі гадзін прадстаўнікі СМІ былі вызваленыя.

Беларускае Радыё Рацыя