Гарадскія каровы



Гомельскі даваенны ўспамін.Трыццатыя гады.

Мая бабуля Лідзія з бацькамі, сёстрамі і братам жылі ў Залінейным раёне г.Гомеля, ім належалі два дамы.

Адзін з іх на цяперашняй вуліцы Ватуціна 17 (тады імя Варашылава, а яшчэ раней – Паўлаўскай), а другі дом, у які можна было прайсці праз гарод, быў на паралельнай вуліцы Кіеўскай.

Бабуля расказвала, што яе маці трымала карову. І яе, Лідзіі, абавязкам было карову сустрэць.

Сяброўкі клікалі гуляць у парк, але пакуль карова не прыйдзе, у парк гуляць ісці было нельга. Бабуля крыўдавала, бо сама малако не піла і лічыла, што карову трымаюць для яе сёстраў, а найбольш для старэйшай Паліны, у якой была ўжо свая сям’я і маленькая дачка. Пытанне ў тым, дзе магла пасвіцца карова, якая жыла ў Залінейным раёне г.Гомеля?

Знаўцы гомельскай мінуўшчыны кажуць: агульна гарадскі выган быў на лугу перад Якубоўкай (паміж сёняшнім пляжам і Якубоўкай), агульнагарадскі статак з прыватных кароў пасвіўся на лугу каля Якубоўкі. Але цяжка ўявіць кароваў, якія ідуць праз чыгуначны пераезд, пасля праз увесь горад, пасля перапраўляюцца праз Сож. І так не толькі з Залінейнага раёна– так праз горада павінны былі цягнуцца каровы з усіх раёнаў – па шырокім вуліцам, з д амамі, гатэлямі і крамамі ў стылі мадэрн, якія да вайны былі цэлыя захоўвалі свой шыкоўны выгляд.

Іншыя людзі кажуць так: “На месцы, дзе зараз Западны мікрараён быў вялікі луг, гэта блізка да вуліц Залінейнага раёна. Напэўна там і пасвілі, у 60-х там пасвілі цыгане коней, пакуль не застроілі пяціпавярховікамі, а таксама”.

Яшчэ версія: “Дагэтуль там недалёка каля Яраслаўскай незабудаваная пляцоўка з травою, можа там нават”.    

Яшчэ магу распавесці пра карову, якая жыла ў Воршы на вуліцы Касманаўтаў цяперашняй Караткевіча, – чорная страшная карова, якая  сама сябе даіла, калі хацела есці. Пра яе напісалі фельетон у Аршанскай газеце (тады яшчэ“Ленінскі прызыў”). Фельетон быў пра тое, што карова паела-пажавала адзенне купальшчыка на Дняпры. І  бачыла я гэтую карову – гэта ўжо пачатак 70-ых гадоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ