На выплату пенсій будзе накіравана 13,4 млрд рублёў
На выплату пенсій сёлета будзе накіравана 13,4 млрд рублёў, паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў каментары да ўказа прэзідэнта ад 20 чэрвеня № 232 „Аб павышэнні пенсій”. З гэтых сродкаў на пераразлік у адпаведнасці з дакументам будзе накіравана 335 млн рублёў.
Указам прадугледжваецца правядзенне з 1 ліпеня пераразліку ўсіх працоўных пенсій: па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля. Пераразлік працоўных пенсій будзе зроблены шляхам карэктавання фактычнага заробку пенсіянера зыходзячы са сярэдняй зарплаты, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 6%.
Сярэдні памер пенсіі па ўзросце за ліпень складзе 470,6 рубля, што на 5,2% больш у параўнанні з чэрвенем 2020 года (447,5 рубля) і на 12,5% — у параўнанні з ліпенем 2019 года (418,4 рубля).
Пераразлік пенсій у ліпені будзе праведзены больш як 2,4 млн пенсіянераў.
Анансуючы 20 чэрвеня павышэнне пенсій, Аляксандр Лукашэнка заявіў: „У нас дзесьці ў чацвёртым квартале планавалі павысіць пенсіі. Тым не менш я папрасіў, каб перанеслі тое павышэнне сюды. У нас ёсць трохі грошай. Мы павінны ветэранам, пенсіянерам дапамагчы. Наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм, не дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэта не рабіў”.