ЦВК: Выбарчую кампанію працягваюць сем кандыдатаў, у тым ліку Віктар Бабарыка
Сем з 15 ініцыятыўных груп здалі больш за 100 тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, паведамілі БелаПАН у Цэнтрвыбаркаме.
Дакладных звестак пра колькасць подпісаў, здадзеных кожнай групай, на гэты момант няма. „Уся інфармацыя будзе пасля 30 чэрвеня пасля праверкі подпісаў”, — сказалі ў ЦВК.
У выбарах прэзідэнта працягваюць удзельнічаць сем чалавек:
— дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка;
— экс-старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які 18 чэрвеня быў затрыманы паводле падазрэння ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ;
— былы чыноўнік, дыпламат, кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала;
— Святлана Ціханоўская — жонка папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні;
— былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая;
— сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў;
— старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Сяргей Чэрачэнь.
Восем чалавек спынілі ўдзел у выбарчай кампаніі: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, член асацыяцыі грузаперавозчыкаў „Рэгіён 8” Наталля Кісель, музыкант і тату-майстар Аляксандр Таболіч, старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова, в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў, член АГП Уладзімір Няпомняшчых і гомельскі фермер Юрый Ганцэвіч.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты скончыўся 19 чэрвеня.
Да 4 чэрвеня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты павінны падаць у ЦВК пакет дакументаў, у тым ліку заявы аб згодзе балатавацца, аўтабіяграфію, дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2019 год, звесткі аб адукацыі і месцы працы. На гэты момант вядома, што поўны пакет дакументаў падаў штаб Віктара Бабарыкі.
Выбары прэзідэнта прызначаныя 9 жніўня.
belapan.by