Наваградак чакае вынікаў суду над затрыманымі
У нядзелю падчас „ланцугу салідарнасці” наўпрост у цэнтры Наваградку сілавікі ў цывільным жорстка затрымалі шасцярых чалавек.
Падрабязнасці ў нашай карэспандэнткі Вольгі Сямашкі:
– У спісе затрыманых Алег Аляшкевіч, Андрэй Апулінскі, Сяргей Казак, Аляксандр Камісараў, сужэнцы з Карэліч Сяргей і Алена Кечкі. Усіх адвезлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратаколы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Як стала вядома, уночы з РАУС адпусцілі Алену Кечку, але яна адмаўляецца ад каментароў. А 10-ай ранку планаваўся судовы разгляд адміністрацыйных спраў. Аднак наваградчан, якія прыйшлі падтрымаць зняволеных, папярэдзілі, што затрыманыя грамадзяне ўжо перавезеныя ў Карэлічы.
Паводле неафіцыйных дадзеных, кіраўнікам арганізацый у Наваградку мясцовыя ўлады загадалі пад пагрозай звальнення трымаць пад кантролем далейшы ўдзел гараджан у падобных акцыях.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з суполкі „Новогрудок для жизни”