У Беларусі ад каронавіруса памерла больш за 350 чалавек
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 59.023 (518 за апошнія суткі), памёр 351 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
За папярэднія суткі было 569 новых выпадкаў і тры смерці.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 37.923 пацыенты (за апошнія суткі 257). Такім чынам, вылечана больш за палову тых, хто захварэў.
Усяго праведзена 876.639 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 14.936.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Амаль два месяцы Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у праграме „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1” 21 чэрвеня заявіў, што сітуацыя з COVID-19 у краіне „цалкам кантраляваная, як і было заўсёды ў перыяд распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі”. „Мы бачым зніжэнне як па інфікаваных, так і па колькасці пацыентаў, якія маюць ускладненні каранавіруса ў выглядзе пнеўманіі, — сказаў ён. — Па многіх рэгіёнах ужо бачым працэс зваротнага перапрафілявання ложкавага фонду ў звычайны рэжым работы”.
Пры гэтым кіраўнік Міністэрства аховы здароўя падкрэсліў, што насельніцтва стала менш надаваць увагі мерам бяспекі, „рана расслабіліся”. „Усе нашы рэкамендацыі застаюцца ў сіле, асабліва гэта тычыцца ўразлівых груп насельніцтва. Гэта захады сацыяльнага дыстанцыявання, нашэнне масак у месцах збору людзей. Людзей з прыкметамі інфекцыйных працэсаў мы гэтак жа просім па магчымасці заставацца дома, выклікаць лекара на дом, а пры перамяшчэнні за межамі кватэры выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай засцярогі”, — адзначыў Каранік.
Гаворачы пра магчымую другую хвалю захворвання на COVID-19, ён заклікаў рыхтавацца да таго, што „вірус застанецца ў папуляцыі”. „Мы выкарыстоўваем увесь гэты час, каб узмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу сістэмы аховы здароўя і павысіць яе стрэсаўстойлівасць”, — сказаў чыноўнік.
На яго думку, другая хваля каронавіруса, калі і здарыцца, то „будзе менш значнай, і сістэма гатовая да яе значна лепш, чым да першай”.
belapan.by