COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Аперацыя па ратаванні ледавіка ў Італіі, буйныя беспарадкі ў нямецкім Штутгарце.

Пра што пішуць выданні розных краін у першы дзень новага тыдня, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– На поўначы Італіі актывісты прыкрываюць вяршыню ледавіка летам, каб абараніць яго ад хуткага раставання. Пра гэта паведамляе The Guardian. З 1993 года ледавік страціў больш за траціну свайго аб’ёму. Напрыканцы лыжнага сезона эколагі прымаюць розныя захады, каб пазбегнуць яго далейшага змяншэння. „Гэтая зона пастаянна скарачаецца, таму мы імкнёмся ахапіць як мага больш верхняй часткі”, – тлумачыць Давідэ Паніца, які ўзначальвае кампанію Carosello-Tonale, што выконвае гэтую работу. З таго часу, як актывісты распачалі свой праект у 2008 годзе, яны накрылі каля 30 000 квадратных метраў ледавіка. Цяпер яны плануюць пакрыць яшчэ 100 тысяч квадратных метраў. Для пакрыцця актывісты выкарыстоўваюць „геатэкстыльны брызент”, які адбівае сонечнае святло і падтрымлівае тэмпературу ніжэй навакольнай. Кошт адной паласы матэрыяла памерам 70х5 м складае каля 400 еўра, камандзе патрабуецца шэсць тыдняў, каб усталяваць яе.

Паўночная Карэя рыхтуе поўную кампанію супраць Паўднёвай. Тысячы паветраных балонікаў і мільёны ўлётак ужо зроблены. На Поўначы гэта называецца атака на Поўдзень у адказ. Кампанія нібыта ладзіцца ў адказ на ўлёткі Рэспублікі Карэя, якія ў негатыўным святле апісвалі паўночнакарэйскі народ і былі раскінутыя каля мяжы. Прынамсі, так піша афіцыйная дзяржаўная справаздача. Ва ўлётках, зробленых у Паўднёвай Карэі, была крытыка Кім Чэн Ына за сістэматычнае парушэнне правоў чалавека і інтрыгі з ядзернай зброяй, паведамляе Al-Jazeera. Такія ўлёткі прыляталі на тэрыторыю Паўночнай Карэі на балоніках альбо закідваліся ў бутэльках. У Пхеньяне такія ўлёткі называюць спланаванай кампаніяй сумесных правакацый Сеула і Вашынтона супраць КНДР. Агенцыя цэнтральных навінаў Паўночнай Карэі наўпрост называе ЗША і Паўднёвую Карэю варожымі дзяржавамі і паведамляе пра тое, што маштабная кампанія амаль гатовая. Цытата: „12 мільёнаў улётак пакажуць нянавісць да такой замежнай палітыкі ўсіх слаёў грамадства Паўночнай Карэі”. Маючая ядзерную зброю і збяднелая Паўночная Карэя падвяргаецца шматлікім санкцыям Рады Бяспекі ААН за забароненыя праграмы ўзбраення. Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Джэ Ін першапачаткова распачаў дыялог паміж Пхеньянам і Вашынгтонам, але цяпер Паўночная Карэя абвінавачвае яго ў тым, што ён не зрабіў дастаткова, каб пераканаць ЗША зняць санкцыі.

У нямецкім Штутгарце адбыліся масавыя беспарадкі: некалькі соцень чалавек уначы грамілі крамы і нападалі на паліцэйскія патрулі ў цэнтры горада. Як паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт паліцыі горада Томас Бергер, сутыкненні пачаліся, калі 17-гадовага падлетка дапыталі па падазрэнні ва ўжыванні наркотыкаў. Раней паліцэйскія паведамлялі, што ў гэты вечар яны праводзілі аблаву на наркагандляроў. Пасля гэтага на цэнтральнай плошчы Шлоссплатц ад ста да двухсот чалавек — пераважна моладзь — пачалі закідваць паліцыю камянямі і бутэлькамі. Праз нейкі час паліцыянтам супрацьстаяла да пяцісот чалавек, многія з якіх былі ў масках. Групы людзей білі вітрыны крамаў у цэнтры горада, рабавалі іх,  закідвалі паліцэйскія аўтамабілі камянямі. Траўмы атрымалі 19 паліцыянтаў, 12 патрульных машын пашкоджаны. Усяго пацярпела 40 крам, дзевяць з іх разрабаваны, уключаючы ювелірныя і салоны мабільных тэлефонаў. У цэнтр гораду былі дадаткова накіраваны больш за 200 паліцэйскіх, сітуацыя супакоілася толькі пасля 2-й гадзіны ночы, піша ВВС.

Кіраўнік мясцовай паліцыі Франк Лутц распавёў, што за апошнія 3-4 тыдні паліцыя неаднаразова ўступала ў супрацьстаянне з гуртамі „аматараў вечарынак”. Паводле яго слоў, гэтыя людзі часта напіваліся ў грамадскіх месцах і праяўлялі агрэсію і непавагу ў адрас паліцыі ў сацыяльных сетках. Усяго паліцыя арыштавала 24 чалавекі, з іх 12 грамадзян Германіі і 12 чалавек з пашпартамі іншых краін. Паліцыя таксама звярнулася да відавочцаў з просьбай падзяліцца наяўнымі відэакадрамі.

„Вінаватыя – выхадцы з некалькіх розных краін. З Босніі, Партугаліі, Ірана, Ірака, Харватыі, Самалі, Афганістана. Таму мы не можам пацвердзіць, што гэта мае дачыненне да бежанцаў, – сказаў на прэс-канферэнцыі Франк Лутц. Але зразумела, што трое з затрыманых грамадзян Нямеччыны з’яўляюцца мігрантамі, такімі застаюцца факты”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters