Пачата крымінальная справа супраць удзельніка „ланцуга салідарнасці” ў Маладэчне



У дачыненні да ўдзельнікаў бойкі з супрацоўнікамі АМАПа 19 чэрвеня ў Маладэчне падчас акцыі „ланцуг салідарнасці” распачатая крымінальная справа, паведамілі БелаПАН у Следчым камітэце.

„У рамках распачатай крымінальнай справы па артыкуле 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Маладэчанскім раённым аддзелам Следчага камітэта высвятляюцца ўсе абставіны”, — сказала афіцыйны прадстаўнік СК па Менскай вобласці Таццяна Беланог.

На пытанне, ці ёсць затрыманыя па гэтай справе, яна адказала: „Гэта ўся інфармацыя”.

Праваабаронцам у сваю чаргу вядома аб затрыманні як мінімум двух чалавек, адзін з іх — Павел Пяскоў. „Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў статусе падазраваных”, — паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Артыкул 363 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. Тое ж дзеянне, спалучанае з прымяненнем гвалту або з пагрозай яго прымянення, альбо прымус гэтых асоб шляхам прымянення гвалту або пагрозы яго прымянення да выканання відавочна незаконных дзеянняў караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Інцыдэнт з супрацоўнікамі АМАПа адбыўся ўвечары 19 чэрвеня ў цэнтры Маладэчна на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага, калі людзі спрабавалі адбіць у супрацоўнікаў АМАПа аднаго з затрыманых. Шырокі рэзананс інцыдэнт атрымаў у сувязі з тым, што на апублікаваных фота і відэа ў аднаго з супрацоўнікаў АМАПа заўважылі ў руках прадмет, падобны аа пісталета.

Пазней у каментары сайту nn.by афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пацвердзіла, што гэта быў баявы пісталет. „Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад”, — сказала яна.

belapan.by

Фота: Настасся Уткіна, „Рэгіянальная газета”