Віктар Ганчарэнка з’ехаў з Расеі адразу пасля матчу ЦСКА з «Зенітам»
Галоўны трэнер ЦСКА Віктар Ганчарэнка пакінуў маскоўскі клуб адразу пасля матчу з „Зенітам” і адправіўся на радзіму ў Беларусь.
Як сцвярджае журналіст „Спорт-Экспрэса” Вячаслаў Кароткін, кіраўніцтва ЦСКА спрабуе пераканаць яго застацца да канца сезона, але перамовы ідуць цяжка. Пасля разгромнай паразы Ганчарэнка папрасіў аб адстаўцы.
Расейская паўсярэдняя Ганна Багдашова змяніла ЦСКА на БНТУ-БелАЗ
Расейская правая паўсярэдняя Ганна Багдашова, якая пакінула ЦСКА, стала гульцом БНТУ-БелАЗа. Кантракт з 27-гадовай гандбалісткай заключаны на год з магчымасцю падаўжэння. Акрамя ЦСКА, Багдашова выступала ў расейскіх „Прамяні” і „Зорцы”.
Ігар Кузьмянок прызнаны найлепшым гульцом 14-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Абаронца „Іслачы” Ігар Кузьмянок прызнаны найлепшым гульцом 14-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Па ходзе хатняга паядынку з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” (2:2) футбалісты „Іслачы” двойчы саступалі – 0:1 і 1:2, але абодва разы вынік раўняў 29-гадовы Ігар Кузьмянок.
Электронная сістэма Hawk-Eye заменіць лінейных суддзяў на US Open-2020
Электронная сістэма Hawk-Eye заменіць лінейных суддзяў на матчах адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Пра гэта абвясцілі арганізатары US Open-2020. Плануецца, што сістэма Hawk-Eye заменіць рэальных арбітраў не на ўсіх кортах. На галоўных арэнах адкрытага чэмпіянату ЗША – імя Артура Эша і Луі Армстранга – лінейныя суддзі будуць працаваць па-ранейшаму. Яшчэ адно змяненне закране болбояў – замест дзяцей, якія падаюць мячы, будуць працаваць дарослыя. Таксама абвешчана, што турнір у Нью-Ёрку пройдзе без кваліфікацыйных раўндаў і са скарочанай парнай праграмай.
„Баварыя” прапаноўвае за Лероя Сане 40 мільёнаў еўра
„Баварыя” па-ранейшаму хоча займець нападніка „Манчэстар Сіці” Лероя Сане. Як распавёў журналіст Bild Крысціян Фальк, мюнхенскі клуб прапануе за футбаліста 40 мільёнаў еўра. Дамоўленасці з „Манчэстар Сіці” пакуль што няма, перамовы працягваюцца.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота:championat.com