Літва вярнула візавы збор для грамадзян Беларусі



Літва з ліпеня вяртае візавы збор для грамадзян Беларусі, піша delfi.lt. Нацыянальная літоўская віза будзе каштаваць для беларусаў 60 еўра. Столькі ж каштуе беларуская віза для літоўцаў.

Рашэнне пра вяртанне візавага збору літоўскі ўрад прыняў сёння. Гэты збор не спаганяўся з 2011 года. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус патлумачыў, што візы будуць выдавацца са зніжкай у 50%. Ён назваў гэта парытэтным люстраным рашэннем, бо беларусы ўжываюць такую зніжку да грамадзян Літвы. Паводле звестак літоўскага МЗС, у 2011-2019 гадах грамадзяне Беларусі атрымалі амаль 45 тысяч нацыянальных віз. Консульскі збор за гэты час мог бы скласці больш за 2 мільёны 600 тысяч еўра.

Беларусь не выказала пратэсту з нагоды такога рашэння Літвы. Аднак афіцыйны Менск пажадаў, каб гэты збор пачаў дзейнічаць разам з дамовай з ЕЗ пра спрошчаны парадак выдачы віз, то бок з 1 ліпеня. Нагадаю, што шэнгенская віза з 1 ліпеня будзе каштаваць для беларусаў 35 еўра.

© DELFI / Domantas Pipas