Сілавікі затрымалі пакупнікоў, якія выстраіліся ў чаргу каля крамы Symbal.by



Як мінімум некалькі чалавек затрымана ўвечары 23 чэрвеня каля крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by на праспекце Машэрава (былая вул. Варвашэні) у Менску, сведчаць відэазапісы, выкладзеныя ў сацыяльных сетках. 

Як піша  baj.by, у Менску падчас затрыманняў людзей каля крамы symbal.by знік фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

Праваабаронцам паведамілі, што верагодна затрыманы Аляксандр Райчонак, бо „ровар стаіць, а яго самога нідзе няма”.

Спіс затрыманых 23 чэрвеня каля крамы symbal.by (абнаўляецца):

Аляксандр Кузняцоў, Ілля Дземчанка, Аляксандр Паплаўскі, фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, Аляксандр Райчонак, і яшчэ больш за дзясятак людзей.

Грамадзяне, пераважна маладыя людзі, выстраіліся ў чаргу пасля таго, як уладальнік крамы Павел Белавус паведаміў аб яе закрыцці 29 чэрвеня. Некаторыя аўтамабілі, якія праязджалі міма, падтрымлівалі людзей сігналамі. Да крамы пад’ехаў аўтазак з сілавікамі, і пачаліся затрыманні.

Перад гэтым, як вынікае з прамой трансляцыі, арганізаванай крамай, каля выезду з двара разгарэўся канфлікт: быццам бы пакупнікі перашкаджалі выезду машыны. Узнікла бойка. Адзін з удзельнікаў канфлікту выклікаў міліцыю.

Прычынай закрыцця крамы Белавус назваў бесперапынныя праверкі. „На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшлі санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці, і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў. Таксама працягваецца праверка падатковай і АБЭЗ, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур’ера 419 тэнісак ПСІХОЗ%”, — напісаў Белавус у „Фэйсбуку”.

Акрамя таго, адзначыў ён, „ужо тыдзень ЖРЭА, ЖЭУ 2 і ЖКГ Савецкага раёна адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем”. На гэтым тыдні магазін атрымаў ліст Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць на працягу трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння прыйшоў супрацоўнік МНС разбірацца з ананімнай скаргай, што з памяшкання нібыта распаўсюджваюцца непрыемныя пахі і „жыхары скардзяцца, што апазіцыйны магазін займаецца незразумелай вытворчасцю”.

belapan.by

Фота: тэлеграм-канал «МотолькоПомоги»