Другі дзень сутачны прырост інфікаваных COVID-19 складае менш за 500



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 59.945 (+458 за апошнія суткі), памерла 362 чалавекі (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, другі дзень запар складае менш за 500. У папярэднія суткі было 464 новыя выпадкі і шэсць смерцяў.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 40.136 пацыентаў (за апошнія суткі 1.448). Такім чынам, вылечыліся ўжо дзве траціны захварэлых.

Усяго праведзена 901.904 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 15.656.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Амаль два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” 21 чэрвеня заявіў, што сітуацыя з COVID-19 у краіне „цалкам кантралюецца, як і было заўсёды ў перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі”. „Мы бачым зніжэнне як па інфікаваных, так і па колькасці пацыентаў, якія маюць ускладненні каранавіруса ў выглядзе пнеўманіі, — сказаў ён. — У многіх рэгіёнах ўжо бачым працэс зваротнага перапрафілявання ложкавага фонду ў звыклы рэжым працы”.

Пры гэтым кіраўнік Міністэрства аховы здароўя падкрэсліў, што насельніцтва стала менш надаваць увагі мерам бяспекі, „рана расслабіліся”. „Усе нашы рэкамендацыі застаюцца ў сіле, асабліва гэта тычыцца уразлівых груп насельніцтва. Гэта меры сацыяльнага дыстанцыявання, нашэнне масак у месцах з вялікай колькасцю людзей. Людзей з прыкметамі інфекцыйных працэсаў мы гэтак жа просім па магчымасці заставацца дома, выклікаць урача дамоў, а пры перамяшчэнні за межамі кватэры выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы”, — адзначыў Каранік.

Гаворачы аб магчымай другой хвалі захворвання COVID-19, ён заклікаў рыхтавацца да таго, што „вірус застанецца ў папуляцыі”. „Мы выкарыстаем увесь гэты час, каб узмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу сістэмы аховы здароўя і павысіць яе стрэсаўстойлівасць”, — сказаў чыноўнік.

На думку Караніка, другая хваля каранавіруса, калі і здарыцца, „будзе менш значнай, і сістэма падрыхтаваная да яе значна лепш, чым да першай”.

belapan.by