Арсеній Яцанюк: Расея павінна заплаціць за аднаўленне Данбасу



Прэм’ер Украіны лічыць, што Расея павінна заплаціць за аднаўленне знішчанага Данбасу. Арсеній Яцанюк заяўляе, што расейскі бок знішчыў Данецк і Луганск у эканамічным плане, здзейсніў ваенную агрэсію і павінен несці за гэта адказнасць.

“Урад Украіны ўжо назваў Расею дзяржавай-агрэсарам у гэтай вайне, таму поле манеўру адчыняецца,” – каментуе ўкраінскі журналіст Паўло Зуб’юк:

– Зараз Расея выглядае хутчэй як пасярэднік паміж баевікамі і цывілізаванымі краінамі. Але калі будзе працягвацца такая сітуацыя як зараз, калі баевікі адмаўляюцца выконваць дамоўленасці, а Расея толькі разводзіць рукамі, то ў такой сітуацыі мажліва і на яе будзе ўскладзена адказнасць па аднаўленні інфраструктуры Данбасу.

Яшчэ ў жніўні прэм’ер Арсеній Яцанюк ацаніў, што на аднаўленне Данбасу Украіне спатрэбіцца, сама меньш, восем мільярдаў даляраў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота hvylya.net