Ігар Барысаў: У некаторых кандыдатаў тырчаць расейскія вушы



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаўся пра незалежнасць краіны і яе гарантаў.

Беларускі кіраўнік зараз пазіцыянуе сябе абаронцам незалежнасці краіны і пры гэтым дадае: маўляў, калі прэзідэнтам Беларусі будзе не ён, то краіна можа страціць суверэнітэт і будзем жыць “пад бізуном”.

Ігар Барысаў: На мой погляд, краіна ўжо 26 гадоў знаходзіцца пад бізуном, а больш пракрамлёўскага кандыдата, чым дзеючы беларускі кіраўнік, складана знайсці на працягу ўсяго гэтага часу.

Таму, як мне падаецца, Лукашэнка крывіць душой, калі спрабуе павесіць трэнд праціўнікаў незалежнасці Беларусі на іншых кандыдатаў.

РР: Магчыма, зараз беларускі кіраўнік праз свае заявы якраз і шукае падтрымкі ў нацыянальна арыентаванай часткі насельніцтва, якая выступае супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй?

Ігар Барысаў: Так, ідзе спроба гульні на гэтых пачуццях, бо ўся астатняя рыторыка ўжо проста не ўспрымаецца. Зараз ідзе гульня на роўні бяспекі краіны, а пра ровень жыцця людзей, як бачым, ужо ніхто нічога не кажа і нічога не абяцае.

РР: Як думаеце, ці ёсць сёння сярод тых, хто прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду, расейскія гульцы? Ці вядзе тут Масква сваю гульню?

Ігар Барысаў: Не выключаю, што такія ёсць, і, па маіх адчуваннях, іх большасць сярод тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю. У некаторых і насамрэч тырчаць расейскія вушы.

Але хачу падкрэсліць, што самы вялікі прыхільнік Расеі – якраз-такі сённяшні кіраўнік Беларусі. Ён нават не прарасейскі, а прарускі і прасавецкі. А Масква даўно ўжо інвестуе грошы ў Беларусь, каб уплываць на сітуацыю. Не выключаю, што менавіта гэта зараз і адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя