Пляскаць у ладкі – 20 базавых велічынь штрафа, нічога не рабіла -10



У Віцебску прайшлі чарговыя суды над наведнікамі пікетаў па зборы подпісаў 7-га і 19-га чэрвеня. У судзе Віцебскага раёна на 10 базавых велічынь аштрафавалі Юлію Уласенку, дачку вядомай віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай. Суддзя Наталля Траццякова прагледзела здымкі, зробленыя міліцыянтамі, і ўдакладніла, ці падпісвалася спадарыня Юлія за альтэрнатыўных кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Гэтага для суддзі было дастаткова: яна прызнала жанчыну ўдзельніцай несанкцыянаванага пікета, дзе выкарыстоўваліся плакаты “Стоп таракан”, “Слуга , сыходзь, – народ прыйшоў” і “Лукашэнка – каронавірус Беларусі”. Юлія Уласенка шакаваная такім падыходам:

– За тое, што я гуляла па горадзе, ставіла подпісы за кандыдатаў, карміла галубоў, 10 базавых мне прысудзілі. Канешне я лічу, што гэта несправядліва, што ў нашай краіне нельга пагуляць, падыхаць свежым паветрам! Я лічу, што гэта цырк нейкі, проста цырк! Гэта не суд, а судзілішча.

19-га чэрвеня Юлію Уласенку і яе маці затрымлівалі пяцёра “амапаўцаў”. Блогерку Алену Янушкоўскую на трое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а потым аштрафавалі на 45 базавых велічынь. І гэта не адзіны штраф, прысуджаны блогерцы, якая мае інваліднасць і не можа ўладкавацца на працу. У Юліі Уласенкі двое непаўнагадовых дзяцей. З сямейнага бюджэту гэткія сумы сплаціць проста немагчыма, кажа Алена Янушкоўская:

– Я не хацела прасіць грошы ў беларусаў, але людзі настойваюць. І ўжо ідзе збор ахвяраванняў на картку Юлі – у мяне ж картак няма і быць не можа. Галоўнае, каб дзеці не пацярпелі, бо могуць пачаць і рэчы перапісваць за штрафы, і ўсё што заўгодна.

У судзе Чыгуначнага раёна на 20 базавых велічынь (540 рублёў) аштрафавалі праваабаронцу Ірыну Траццякову. Яе абвінавацілі ў тым, што 19 чэрвеня яна была ўдзельніцай несанкцыянаванага мерапрыемства – што яна “пляскала ў ладкі і выказвала гэтым свае ўласныя і іншыя інтарэсы”. Насамрэч спадарыня Ірына з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам, акрэдытаваным БХК для маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека падчас выбарчай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск