Пра беларускую салідарнасць у адказ на міліцэйскае дзікунства



Многія навіны з беларускіх рэалій выглядаюць дзікім фэйкам. Ну, каму ў здаровым розуме прыйдзе ў галаву, што за партыю футболак з надпісам псіхо3% могуць пачаць ціснуць на прыватны бізнес. Да гэтага крама symbal.by, якую стварыў былы актывіст Павел Белавус, таксама актыўна ўдзельнічала ў грамадскім і палітычным жыцці. Згадайма хаця б удзел гэтай структуры ў арганізацыі велічнага святкавання 100-годдзя БНР у Менску ў 2018 годзе. Аднак ніколі раней не было такога, каб за які тыдзень на зарэгістраваную фірму, якая спраўна плаціць падаткі, нацкоўваліся па чарзе санстанцыя, МНС, ЖКГ і міліцыя. А ўсё таму, што гэтая крама спрычынілася да выпуску цішотак з надпісам псіхо3%, які жартаўліва намякае на рэйтынг аднаго з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.

Не паспеў уласнік крамы symbal.by Павел Белавус паведаміць у сацыяльных сетках пра закрыццё афлайн-крамы ў цэнтры Менску, як да гандлёвага павільёна выстраілася чарга беларусаў, якія вырашылі падтрымаць рэпрэсаваны бізнес. Усё б нічога, але вельмі хутка на даляглядзе з’явіліся аўтазакі, з якіх выскачылі бравыя амапаўцы. Хлопцы ў чорным пачалі без разбору хапаць усіх, хто быў у чарзе. Тым, хто супраціўлялася, трошкі перапала. І хоць прэс-сакратарка сталічнай міліцыі нешта казала пра нейкі дарожны канфлікт, праз які вымушаны быў прыехаць цэлы аўтазак з амапаўцамі, у пратаколах затрыманых былі стандартныя фармулёўкі пра ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў.

У ранейшыя часы нахабнага налёту міліцыянтаў на бязвінных людзей хапіла б, каб увесь энтузіязм прыхільнікаў symbal.by сышоў у пясок. Зрэшты, на гэта, відаць, рэжысёры налёту і разлічвалі. Але вынік атрымаўся нечаканым. У той жа дзень дзясяткі вядомых журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў, спартоўцаў пачалі выказваць салідарнасць з крамай і пацярпелымі. А на наступны дзень чарга да павільёна, дзе прадаюцца тавары з нацыянальным каларытам, стала даўжэйшай.

У сацыяльных сетках грамадзяне абураюцца чарговым фактам міліцэйскага гвалту і задаюцца пытаннем “чаму зноў палююць на людзей з нацыянальнай сімволікай?”. Гэта тым больш дзіўна, што ўлада імкнецца ў апошнія дні яўна заігрываць з традыцыйнай апазіцыяй. Пра гэта сведчаць і сустрэчы старшынькі Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай з апазіцыйнымі актывістамі ў рэгіёнах. Дзеля гэтага, відаць, арганізоўвалася сустрэча кіраўніка дзяржавы з часткай дэмакратычнай супольнасці Берасця. У сітуацыі, калі на вачах фармуецца новая большасць, якая паўстала з некалі апалітычнай часткі грамадства, заканамерна, што ўлада разумее небяспеку ўз’яднання двух пратэстова настроеных груп насельніцтва. І ўсё робіць, каб не адбылося аб’яднання. Але на практыцы адбываецца напад на пакупнікоў крамы, ад чаго ўсё грамадства зноў прыходзіць у шаленства. Такое адчуванне, што нехта адмыслова правакуе народ на гвалтоўныя дзеянні.

Зрэшты, складана сказаць дакладна, чаму так званыя праваахоўныя органы здзяйсняюць акцыі, якія яўна не дадаюць ім сімпатый у вачах народу. Магчыма, нехта з вялікімі зоркамі вельмі хоча паказаць, што сумнявацца ў лаяльнасці сілавікоў не трэба і яны выканаюць любы загад. Нават самы абсурдны.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ