Завяршыўся візіт прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў ЗША



Прэзідэнт Дональд Трамп падзякаваў за візіт прэзідэнту Анджэю Дуду і сказаў, што разлічвае на тое, што прэзідэнцкія выбары для яго будуць паспяховымі.

Польскі лідар наведаў Злучаныя Штаты з аднадзённым візітам. Падчас сустрэчы дамоўлена, што ЗША і Польшча будуць супрацоўнічаць па пытанні стварэння прышчэпкі на каронавірус.

Падчас канферэнцыі па выніках сустрэчы Трамп сказаў, што ідуць працы над пашырэннем прысутнасці амерыканскіх войск у Польшчы, што саюз паміж Польшчай і ЗША вельмі моцны. Анджэй Дуда зазначыў, што абмеркаваныя таксама дэталі эканамічнага супрацоўніцтва – у галіне энергетыкі ды энергетычнай бяспекі.

“Бліжэйшым часам будзе падпісана дамова паміж урадамі ЗША і Польшчы ў справе пачатку працы над праектам выкарыстання ядзернай энергетыкі для прадукцыі электрычнай энергіі ў нашай краіне”, – дадаў прэзідэнт Дуда.

Гэты візіт крытыкуюць у апазіцыйных колах Польшчы, звяртаючы ўвагу, што візіт не меў ніякіх падпісаных дакументаў, акрамя таго, Трамп, жадаючы поспеху Дуду, умешваецца ва ўнутраныя справы Польшчы. Да таго ж, Дуду абвінавачваюць у тым, што ён выкарыстаў візіт у мэтах сваёй выбарчай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота prezydent.pl