Павел Мількоўскі: Не разумею, за што мяне затрымалі



Гарадзенскага актывіста ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Паўла Мількоўскага затрымалі супрацоўнікі ДАІ каля кінатэатра “Космас” за тое, што з яго машыны гучала музыка і да машыны быў прамацаваны сцяг “Cтрана для жизни”.

Паўла здзівіла тое, што пасля размоваў з прадстаўнікамі ДАІ, яго мэтанакіравана павезлі ў Ленінскі РАУС Гародні, дзе на яго склалі пратакол:

– Абвінавачаны ў парушэнне грамадскага парадку, артыкул 17.1. Я нібыта недзе гучна слухаў музыку. На пытанне: дзе, што і калі, адкуль скарга? Мне патлумачылі, што гэта ініцыятыва міліцыі, нібыта міліцыя бачыла і яна ініцыявала такую справу. Па іх словах, гэта нават было не ўзбуджэнне адміністрацыйнага працэсу, а адбывалася нейкая праверка, не ўзбуджэнне, а праверка па факце. Калі справа будзе прыпыненая, то тады мне паведамяць, або калі будзе адкрытая адміністрацыйная справа, то мне таксама паведамяць.

Хлопец упэўнены, што ён не з’яўляецца ніякім злачынцам, і яго вельмі здзівілі дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

– Я шакаваны, таму што мяне проста як нейкага незразумелага зверскага злачынцу спыняе ДАІ, і вязуць у РАУС, трымаюць тры гадзіны, для таго, каб правесці праверку, якую можна правесці літаральна тэлефанаваннем за 5 хвілін. Калі б яны ўжо складалі нейкі адміністрацыйны працэс і выклікалі мяне на допыт, то таксама можна зрабіць позвай, або тэлефанаваннем.

Павел Мількоўскі кажа, што на яго аказваецца ціск за яго грамадзянскую пазіцыю і за актыўныя дзеянні ў гарадзенскай камандзе Святланы Ціханоўскай.

Беларускае Радыё Рацыя   

Фота Сяргея Апановіча