Ці могуць не зарэгістраваць Віктара Бабарыку?



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавёў пра магчымасць нерэгістрацыі банкіра кандыдатам у прэзідэнты.

Нагадаем, што ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі здала ў камісіі больш за 400 тысяч подпісаў, а сам банкір зараз знаходзіцца ў СІЗА па крымінальнай справе.

Віктар Бабарыка – галоўны сапернік на выбарах для дзеючага беларускага кіраўніка, і, па некаторых апытаннях, рэйтынг банкіра на сёння дае права меркаваць, што ён – фаварыт.

Алег Гулак: Улічваючы тое, у якой краіне мы жывем, улада можа прымяніць да Віктара Бабарыкі абсалютна любы сцэнар, уключаючы і нерэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Калі пабачыць, што ад гэтага альтэрнатыўнага прэтэндэнта ідзе вялікая пагроза для страты ўлады для дзеючага кіраўніка, то не зарэгіструюць.

РР: Але ж павінна быць важкая нагода для нерэгістрацыі…

Алег Гулак: Нагода для адмовы – гэта справа тэхнікі. Могуць знайсці нейкія парушэнні пры зборы подпісаў, пры афармленні дэкларацыі аб даходах ці маёмасці. Могуць узяць выбарку подпісаў, і калі там будзе бракаваных больш, чым дапускаецца па законе, то вось вам і фармальная падстава для таго, каб забракаваць усе подпісы і не рэгістраваць банкіра ў якасці кандыдата. І трэба не забываць, што Бабарыка зараз знаходзіцца пад крымінальнай справай.

Увогуле, ва ўлады ёсць мноства інструментаў, якія дазваляюць рэгістраваць кандыдата альбо не. Мы пра гэта шмат кажам, але нічога ў гэтым плане не змяняецца. Таму ў гэтай сітуацыі цяжка нешта прадказваць.

Усё будзе залежыць ад таго, якія падыходы збіраецца прымяніць улада, і якая будзе сітуацыя. Паўтаруся, калі не захочуць рэгістраваць Віктара Бабарыку, то знойдуць для гэтага нейкую фармальную зачэпку. Тут сітуацыя можа хіснуцца то ў адзін бок, то ў іншы. Бо былі выпадкі, калі рэгістравалі тых, наконт каго былі вялікія сумненні, што яны назбіралі 100 тысяч подпісаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя