Выбары зводзяцца да простай адміністрацыйнай працэдуры



Улады зводзяць выбарчы працэс да простай адміністрацыйнай працэдуры. Да такой высновы прыйшоў каардынатар кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч паводле вынікаў фармавання ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта.

У кампанію назірання „Праваабаронцы за свабодныя выбары” уваходзяць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб`яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”.

У каментары, апублікаваным на сайце кампаніі, Лабковіч адзначыў, што этап фармавання ўчастковых выбаркамаў „меў усе хваробы”, якія „назіралі на мінулых выбарчых кампаніях”. Паводле яго слоў, улады „працягваюць захоўваць поўны кантроль за выбарчым працэсам”, зводзячы яго да адміністрацыйнай працэдуры, у якой выбаршчыкам „адводзіцца роля — прагаласаваць і не задаваць пытанняў”.

„Цяпер мы маем найменшы адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый ва ўчастковых камісіях у параўнанні з мінулымі выбарамі 2015 года. Гэты паказчык скараціўся ў пяць разоў. Цяпер гэта ўсяго шэсць чалавек. І нават разам з пяццю прадстаўнікамі ініцыятывы вылучэнца ў кандыдаты Віктара Бабарыкі „Честные люди”, дзе прайшло яшчэ пяць чалавек, камісіі застаюцца цалкам стэрыльныя”, — канстатуе праваабаронца.

Як і ў ранейшыя гады, адзначае ён, пры фармаванні камісій захоўваецца „вытворчы прынцып”, „калі ў камісіях аказваюцца людзі з аднаго прадпрыемства ці ўстановы”. „Паказальным з`яўляецца пасяджэнне адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, дзе бачны паказушны штучны характар гэтай працэдуры. Сорамна глядзець, як дарослыя людзі сядзяць і крыўляюцца, што яны сапраўды абмяркоўваюць склад камісіі”, — піша Лабковіч.

„Красамоўна апісвае стаўленне ўладаў і выказванне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра статут і манастыр. Але трэба разумець, што гэта не іх манастыр, гэта выбары, дзе ўдзельнічаюць усе грамадзяне. І пытанне даверу да камісіяў — адна з асноўных кропак ацэнкі, наколькі выбары ў Беларусі сапраўды свабодныя і справядлівыя”, — падкрэсліў праваабаронца.

Згодна са звесткамі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, да 24 чэрвеня сфармавана 5.723 участковыя выбаркамы, у склад якіх увайшло 63.347 чалавек. З 539 прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіі ўключана ўсяго шэсць.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, каментуючы вынікі фармавання ўчастковых выбарчых камісій у відэазвароце 25 чэрвеня, заявіла, што Цэнтральная камісія „не бачыць у цэлым парушэнняў працэдуры пры ўтварэнні выбарчых камісій”. „Усе, скажам так, інтэрнэт-прэтэнзіі, якія сустракаюцца ў сетцы на гэты момант, няслушныя і не сведчаць аб парушэнні працэсу пры ўтварэнні камісій”, — лічыць Ярмошына.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя 9 жніўня.

belapan.by