„Міжнародная амністыя” запатрабавала вызваліць арыштаваных блогераў



Неадкладна вызваліць арыштаваных блогераў і пакласці канец задушэнню свабоды выказвання заклікала беларускія ўлады арганізацыя „Міжнародная амністыя”.

Каментуючы паведамленні аб арышце Ігара Лосіка, Сяргея Пятрухіна і Сяргея Спарыша, старшы каардынатар арганізацыі Аіша Чжан адзначыла: „Беларускія ўлады праводзяць поўнамаштабную зачыстку іншадумства, прымяняючы рэпрэсіўныя законы, каб здушыць крытыку напярэдадні выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка балатуецца на шосты тэрмін. Апазіцыйныя кандыдаты, іх прыхільнікі і незалежныя СМІ сутыкнуліся з адвольнымі затрыманнямі, буйнымі штрафамі і турэмным зняволеннем. Зараз мішэнню становяцца тыя, хто актыўна працуе ў сацыяльных сетках”.

„Мы шакаваныя апошнімі арыштамі, — заявіла прадстаўнік „Міжнароднай амністыі”. — Прынамсі яшчэ два папулярныя блогеры, Уладзімір Няронскі і Уладзімір Цыгановіч, ужо знаходзяцца пад арыштам, ім выстаўленае абвінавачанне”. „Ніхто не можа быць пакараны за выкарыстанне інтэрнэту для выражэння меркавання аб ўрадзе і яго палітыцы. Улады павінны памятаць, што свабода слова — права, а не злачынства”, — адзначаюць у арганізацыі.

Як раней паведаміў праваабарончы сайт spring96.org, Няронскі і Пятрухін праходзяць па „справе Ціханоўскага”. Іх падазраюць у „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, альбо актыўным удзеле ў іх” (арт. 342 КК). Гаворка ідзе пра падзеі 29 траўня ў Гародні, падчас пікета па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай — жонкі папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер знаходзіцца пад вартай з-за абвінавачання згодна з аналагічным артыкулам КК.

Праваабаронцы перакананыя, што пікет быў мірным сходам грамадзян, які цалкам адпавядаў нормам выбарчага заканадаўства. Усе затрыманні, што адбыліся ў той дзень, яны лічаць палітычна матываванымі. Ціханоўскі раней ужо быў прызнаны палітвязнем.

Праваабаронцы таксама валодаюць інфармацыяй, што супраць Няронскага распачалі яшчэ адну крымінальную справу — на падставе артыкула 369, угледзеўшы абразу старшыні Слуцкага райвыканкама (Менская вобласць) у адным з відэаролікаў блогера ў YouTube.

25 чэрвеня стала вядома аб распачынанні спраў паводле артыкула 342 КК у дачыненні да адміністратара тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігара Лосіка і мінскага відэаблогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Інфармацыі аб тым, у чым канкрэтна іх падазраюць, пакуль няма.

Таксама 25 чэрвеня ў Менску быў затрыманы Сяргей Спарыш — актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада”, які мадэраваў некалькі яе тэлеграм-каналаў.

Намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч расцэньвае крымінальны пераслед блогераў як перашкоду грамадзянам у рэалізацыі правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі дакументамі, у тым ліку права на арганізацыю мірных сходаў.

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў, выступаючы 25 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што „людзі, якія хочуць зрабіць вулічную рэвалюцыю, вельмі добра арганізаваныя”, кіруюцца праз тэлеграм-каналы і стрымы „Радыё Свабода”.

belapan.by