Прайгралі. Трэба прыняць гэтую паразу
Такімі словамі падсумаваў вынік гульні з гарадзенскім «Нёманам» галоўны трэнер футбольнага клуба «Дынама-Брэст» Сяргей Кавальчук.
У межах апошняга тура першага кола Чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе чэмпіёны Беларусі на выправе саступілі з лікам 0:1 і перамясціліся на пяты радок. Каментуе галоўны трэнер ФК «Дынама-Брэст»:
– Хачу ў апраўданне сваёй каманды сказаць, што гэта быў цяжкі тыдзень па аб’ектыўым прычынам. Многа людзей проста выпала, і мне прыходзілася выбіраць з тых, хто жывыя і паўжывыя. Канешне, бяру адказнасць на сябе. Тое, што гаспадары гулялі агрэсіўна, гэта было бачна. Хацелі выйграць. Мы таксама гэтага хацелі, аднак першы тайм правялі бязвольна. Затым паспрабавалі выправіць сітуацыю, былі моманты.
Гарадзенскі ж «Нёман» пасля перамогі над «Дынама» ўвайшоў у тройку лідараў турніра. На першым месцы барысаўскі «БАТЭ», на другім салігорскі «Шахцёр». Чацвёрты радок займае «Энергетык-БДУ». Наступную гульню берасцейцы згуляюць 3 ліпеня з ФК «Смалявічы» на выправе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sportpanorama.by