Крыж на Гарадзеншчыне ў памяць ахвяраў рэпрэсій



Сталінскія рэпрэсіі 1930-ых гадоў фізічна вынішчылі соткі тысяч ні ў чым невінаватых людзей, найчасцей цвет і сумленне нацыі. Сярод расстраляных і загінуўшых у засценках і савецкіх канцлагерах многія выдатныя людзі свайго часу, народжаныя на Гарадзеншчыне. Прыгадаем толькі некаторыя імёны:

Янка Нёманскі (сапраўднае імя Іван Пятровіч), беларускі пісьменнік, эканаміст. Нараджэнец мястэчка Шчорсы (Наваградскі раён). Расстраляны НКВД 30 кастрычніка 1937 года ў Менску.

Ігнат Дварчанін, беларускі грамадска-культурны дзеяч, літаратуразнавец, паэт, педагог. Нараджэнец вёскі Погіры (Дзятлаўскі раённ). Расстраляны НКВД 8 снежня 1937 года ў Менску.

Сяргей Баран, беларускі грамадска-культурны дзеяч, педагог. Нараджэнец вёскі Віцькі (Гарадзенскі раён). Загінуў у сталінскім канцлагеры.

Антон Баліцкі, беларускі грамадска-культурны дзяржаўны дзеяч. Нараджэнец вёскі Балічы (Гарадзенскі раён). Расстраляны НКВД 30 кастрычніка 1937 года ў Менску.

Максім Бурсевіч, дзеяч беларускага руху, актывіст Грамады. Нараджэнец вёскі Чамяры (Слонімскі раён). Расстраляны ў 1937 годзе НКВД на Салавецкіх астравах.

Павал Каравайчык, беларускі культурны дзеяч, пісьменнік. Нараджэнец мястэчка Любча (Наваградскі раён). Расстраляны НКВД у Чабаксарах (Чувашская АССР) 21 лістапада 1937 года.

Янка Вярсоцкі, беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч. Нараджэнец мястэчка Гальшаны (Ашмянскі раён). Расстраляны ў турме НКВД г. Алматы (Казахстан) 22 снежня 1937 года.

Адам Станкевіч, беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадска-культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст. Нараджэнец вёскі Арляняты (Смаргонскі раён). Забіты ў савецкім канцлагеры пад Тайшэтам у 1949 годзе.

Гэты пералік можна доўжыць вельмі доўга. І ніхто з гэтых выдатных людзей не мае нават магілы.

Усе гэтыя асобы, і многія іншыя, даўно юрыдычна рэабілітаваныя, але дагэтуль не ўшанаваныя належна, а некаторыя і зусім забытыя. У памяць ахвяраў сталінскага тэрору і палітычных вязняў іншага часу гарадзенскія ўдзельнікі кампаніі “Зробім лепш” усталявалі на Гарадзеншчыне мемарыяльны знак у выглядзе крыжа Ефрасінні Полацкай.

Урачыстае адкрыццё помніка запланаванае на пазнейшы час.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя