Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 61.475



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 61.475 (+380 за апошнія суткі), памерла 383 чалавекі (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Трэці дзень сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, складае менш за 400. У папярэднія суткі было 382 выпадкі і шэсць смерцяў.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 45.027 пацыентаў (за апошнія суткі 901). Такім чынам, вылечылася больш за дзве траціны хворых.

Праведзена 979.800 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 19.920.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Два месяцы Міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

26 чэрвеня на сустрэчы з лепшымі выпускнікамі медуніверсітэтаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што эпідэміялагічная сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 у краіне паляпшаецца. „Мы рэгіструем менш каранавірусных ускладненняў у выглядзе пнеўманіі”, — сказаў ён.

21 чэрвеня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” кіраўнік Міністэрства аховы здароўя адзначыў, што насельніцтва стала менш надаваць увагі мерам бяспекі, „рана расслабіліся”. „Усе нашы рэкамендацыі застаюцца ў сіле, асабліва гэта тычыцца уразлівых груп насельніцтва. Гэта меры сацыяльнага дыстанцыявання, нашэнне масак у месцах з вялікай колькасцю людзей. Людзей з прыкметамі інфекцыйных працэсаў мы таксама просім па магчымасці заставацца дома, выклікаць урача дамоў, а пры перамяшчэнні за межамі кватэры выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы”, — адзначыў Каранік.

Гаворачы аб магчымай другой хвалі захворвання COVID-19, ён заклікаў рыхтавацца да таго, што „вірус застанецца ў папуляцыі”. „Мы выкарыстаем увесь гэты час, каб узмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу сістэмы аховы здароўя і павысіць яе стрэсаўстойлівасць”, — сказаў чыноўнік.

На думку Караніка, другая хваля каранавіруса калі і здарыцца, „будзе менш значнай, і сістэма падрыхтаваная да яе значна лепш, чым да першай”.

belapan.by