Уладзімір Мацкевіч: Ужо падключыліся амерыканскія спадарожнікавыя сістэмы нагляду (абноўлена)
“Супрацоўнікі місіі АБСЕ паспрабуюць трапіць у раён баёў каля Дэбальцава”, – . Паведаміў прадстаўнік місіі гэтай арганізацыі у інтэрв’ю ББС.
Напярэдадні міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў, што прарасейскія баявікі не пусцілі місію АБСЕ на Данбасе у раён баёў. Пры гэтым АБСЕ, якое мае сачыць за рэжымам прыпынення агню на Данбасе, кажа, што ў цэлым перамір’е выконваецца.
АБСЕ не мае рычагоў кантролю за перамір’ем на Усходзе Украіны, – мяркуе палітычны эксперт Уладзімір Мацкевіч.
Аднак паводле Уладзіміра Мацкевіча, гэтым разам хаваць адкрытую агрэсію Расеі і парушэнне дамоўленасцяў будзе цяжэй.
– Ужо падключыліся амерыканскія спадарожнікавыя сістэмы нагляду. Калі раней амерыканцы не дзяліліся з украінскім бокам і не спяшаліся абнародваць дадзеныя гэтай выведкі спадарожнікавай, то, здаецца, пасля Менскіх пагадненняў, гэта ўжо становіцца здабыткам тых, хто ўзяў на сябе адказнасць за вырашэнне канфлікту – гэта дзяржавы Нямеччына і Францыі, і, напэўна, у хуткім часе далучыцца дагэтага НАТО.
ЗША цягам апошніх дзён прадставіла некалькі здымкаў зробленых з сатэлітаў, якія пацвярджаюць удзел расейскіх войскаў у баявых дзеяннях у раёне Дэбальцава. Баі у ваколіцах гэтага гораду не сціхаюць, нягледзячы на перамір’е.
* * *
Беларускае кіраўніцтва не падтрымае Расею ў выпадку поўнамасштабнай вайны. Мяркуе беларускі палітычны эксперт Уладзімір Мацкевіч.
У эфіры нашага радыё ён адзначыў, што нягледзячы на значную прывязанасць да Расеі, афіцыйны Менск спрабуе лавіраваць, каб не быць уцягнутым у расейска-украінскі канфлікт. Ужо сёння бачна, што Расея не мае дастаткова рэсурсаў перамагчы ў супрацьстаянні з Захадам, лічыць Уладзімір Мацкевіч:
– Сённяшнія паводзіны Лукашэнкі паказваюць, што ён, маючы больш за нас інфармацыі аб сённяшніх падзеях, не спяшаецца заняць прарасейскую пазіцыю, нягледзячы на тое, што ён звязаны з Крамлём, з Масквой шэрагам пагадненняў. Хутчэй схіляецца да агульнасусветнай пазіцыі ў дачыненні да гэтай вайны. Гэта значыць, што ён бачыць хуткую, ці можа не зусім хуткую, а ў сярэднетэрміновай перспектыве, паразу Расеі.
Беларусь уваходзіць у арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы, ваенны блок створаны Масквой пасля развалу СССР. Паводле Дамовы, у выпадку небяспекі для адной з краінаў АДКБ, іншыя маюць вайскова яе падтрымаць.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя