Вадзім Саранчукоў: Мы працягваем працу



У беларускіх СМІ з’явілася інфармацыя, што кампанія дапамогі беларускім медыкам #BYCOVID19 зварочвае сваю дзейнасць. Аднак гарадзенская каманда ўпэўнена, што застаўся яшчэ вялікі кавалак працы.

Распавядае адзін з кіраўнікоў валанцёрскага руху ў Гародні Вадзім Саранчукоў:

– На самой справе працы застаецца вельмі шмат. Тыя запыты, якія ёсць з лякарняў, паліклінік, яны да канца не закрытыя. І, па шчырасці, вялікага ўражання, што вось зараз усе пытанні ўжо знятыя, у нас няма. Мы па-ранейшаму застаемся, максімальна спрабуем закрыць гэтыя запыты. У нас ёсць яшчэ праца па пашыве камбінезонаў, ёсць яшчэ рэспіратары, якія мы прывезлі. Цягам бліжэйшых некалькі тыдняў мы будзем займацца гэтым. Спадзяюся, бліжэйшым часам асноўную частку запытаў мы ўсё ж закрыем.

На думку Вадзіма Саранчукова, за апошнія тры месяцы валанцёры зрабілі вельмі шмат, каб дапамагчы медыкам Гарадзеншчыны:

– Аб’ёмы на самой справе – гэта тысячы кіламетраў, кілаграмаў, проста неверагодныя нейкія лічбы. Мы фактычна з нуля засвоілі пашыў камбінезонаў для абароны медыкаў. Практычна з нуля засвоілі выраб абарончых экранаў, знайшлі проста дзясяткі тысяч рэспіратараў, масак, халатаў, бахілаў. Частка гэтага ўжо перададзеная медыкам, частка яшчэ застаецца для закрыцця запыту.

Проста неверагодна ўражаны і ўдзячны ўсім, хто далучыўся да гэтага, усім валанцёрам, якія ў гэтым удзельнічаюць, у пашывах, вырабах абарончых сродкаў, усім тым, хто далучыўся да фінансавання гэтай кампаніі. Гэта проста неверагодныя людзі і неверагодная справа.

Гарадзенскія валанцёры кампаніі #BYCOVID19 – людзі рознага ўзросту і прафесіяў, сярод якіх і настаўнікі, і медыкі, і грамадскія актывісты, і журналісты. Дапамагчы кампаніі дапамогі гарадзенскім медыкам магчыма праз краўдфандынг.  

Беларускае Радыё Рацыя